Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ ВІТОК У КАНФРАНТАЦЫІ ПАМІЖ РАСЕЯЙ І ГРУЗІЯЙ


Алесь Грыневіч, Прага

Міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў, які знаходзіцца зь візытам у Нью-Ёрку, заявіў, што расейскія войскі гатовыя нанесьці ўдар па чачэнскіх ваяўніках, якія нібыта базуюцца на тэрыторыі Грузіі. Паводле Іванова, такі ўдар магчымы, калі чачэнскія групоўкі ў Панкіскай цясьніне наблізяцца на 10-15 кілямэтраў да расейска-грузінскай мяжы. Расейскі міністар таксама ў чарговы раз зьвінаваціў Грузію ў супрацоўніцтве з тэрарыстамі.

(Іваноў: ) “У нас ёсьць тоны доказаў таго, што абсалютна канкрэтныя тэрарысты, і ня толькі чачэнцы па нацыянальнасьці, а, прабачце, кожнай пачвары па пары, знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі”.

Мы запыталіся ў аналітыка грузінскай службы нашага радыё Бідзіны Рамішвілі, наколькі абгрунтаваныя абвінавачваньні ў бок грузінскіх уладаў у супрацоўніцтве з чачэнскімі фармаваньнямі і тэрарыстамі.

(Рамішвілі: ) “Трэба разумець, што значыць супрацоўнічаць. Так, у Панкіскай цясьніне нібыта былі ўзброеныя чачэнскія фармаваньні. Але апошняя інфармацыя і разьведкі, і журналістаў, у тым ліку нашага карэспандэнта, сьведчыць, што там ужо няма нікога, акрамя ўцекачоў. Ці то яны сышлі ў іншыя раёны Грузіі, што сумнеўна, бо іх бы выкрылі, ці то яны перайшлі на расейскую тэрыторыю. Гэта больш верагодна, бо расейска-грузінская мяжа на чачэнскім участку вельмі кепска кантралюецца з абодвух бакоў”.

Спадар Рамішвілі кажа, што ўзброеныя чачэнцы ў свой час бесперашкодна сыходзілі на грузінскую тэрыторыю. На ягоную думку, гэта можа сьведчыць аб зацікаўленасьці Расеі ў стварэньні канфлікту з Грузіяй. Мы таксама пацікавіліся ў аналітыка грузінскай службы, наколькі верагодныя ўзброеныя дзеяньні паміж Грузіяй і Расеяй.

(Рамішвілі: ) “Есьць інфармацыя, якая сьведчыць і “за”, і “супраць”. На самым пачатку Грузія вельмі перапалохалася, і было нешта кшталту панікі. Але робіцца ясна, што Пуцін і Масква выкарыстоўваюць гэты ціск, каб атрымаць як мага больш выгодаў у стасунках з Амэрыкай. Акрамя таго, Расея хоча вярнуць уплыў у Грузіі, і ўсялякі ціск на Шэварднадзэ гэтаму будзе спрыяць, бо Шэварднадзэ ў Грузіі ня вельмі папулярны. Нават калі расейскія войскі не ўварвуцца ў Грузію, гэта будзе эфэктыўны спосаб ціску. І гэты працэс будзе, напэўна, вельмі даўгі”.

Апошнім часам некаторыя аналітыкі таксама кажуць, што Расея спрабуе гандлявацца з ЗША, нібыта прапануючы разьмен – падтрымку амэрыканскіх дзеяньняў супраць Іраку ў абмен на тое, што Амэрыка заплюшчыць вочы на расейскія захады супраць Грузіі. На думку дырэктара Маскоўскага Інстытута палітычных дасьледваньняў Сяргея Маркава, расейскае кіраўніцтва сваімі жорсткімі заявамі спрабуе паказаць прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу, што дзеяньні супраць Іраку бяз санкцыі ААН могуць адчыніць “скрыню Пандоры”, і Расея будзе гэтаксама дзейнічаць супраць Грузіі.
XS
SM
MD
LG