Ігар Бяляеў знаходзіцца ў Польшчы ад 1999 году, мае статус палітычнага ўцекача і вучыцца ў Варшаўскім Унівэрсытэце. Акрамя гэтага, спадар Бяляеў актыўна займаецца палітыкай – ён зьяўляецца прадстаўніком Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” у Польшчы.
(Бяляеў: ) “Паміж 16 і 17 гадзінай я знаходзіўся ў хаце, выйшаў на балкон і, хутчэй за ўсё, з дому насупраць у мяне стрэлілі. На шчасьце, ня трапілі - куля праляцела каля мяне. Я адразу выклікаў паліцыю. Мяне дапрасілі.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Бяляеў, яшчэ да гэтага стрэлу, ці былі нейкія пагрозы ці папярэджаньні?”
(Бяляеў: ) “Падазорна тое, што цягам апошніх некалькіх месяцаў ужо трэці раз нешта са мной здараецца. Каля двух месяцаў таму на мяне напалі каля майго дому і моцна зьбілі. Хаця я жыву ў доме, які ахоўваецца, бо ў маім пад’езьдзе месьціцца амбасада Сэнэгалу і таму ў падворак бэз пропуску ня ўвойдзеш. Аднак жа гэта здарылася. Потым, прыкладна месяц таму, на мяне ізноў напалі і моцна зьбілі – прышлося накладаць 5 швоў”.
(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, з чым гэта зьвязанае?”
(Бяляеў: ) “У мяне тут няма асабістых ворагаў, таму цяжка гэта патлумачыць. Магчыма, гэта зьвязанае з маёй палітычнай дзейнасьцю. Я прадстаўляю інтарэсы БСДП (НГ) і апошнім часам тут былі арганізаваныя шэраг сустрэчаў нашага Старшыні з польскімі палітыкамі самага высокага ўзроўню. Магчыма, гэта камусьці не падабаецца.”
Палітычных матываў нападу не выключае і старшыня Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Мікола Статкевіч.
(Статкевіч: ) “Усё можа быць, бо Ігар вельмі актыўны чалавек. Мы не выключаем ніякіх вэрсіяў – усё магчыма. Але пакуль мы маем занадта мала інфармацыі, каб аддаваць перавагу якой-небудзь адной вэрсіі.”
Спадар Статкевіч ацаніў працу Ігара Бяляева ў якасці прадстаўніка ягонай партыі ў Польшчы вельмі станоўча.
(Статкевіч: ) “Ня гледзячы на малады ўзрост, Ігар Бяляеў карыстаецца аўтарытэтам сярод польскіх палітыкаў. Ён браў удзел у падрыхтоўцы шэрагу сустрэчаў нашай партыі ў Польшчы, у тым ліку браў удзел у якасьці перакладчыка ў маёй сустрэчы з прэзыдэнтам Квасьнеўскім.”
Цяпер варшаўская паліцыя вядзе сьледства. Падрабзнасьці сьледства пакуль не паведамляюцца.