Учора ў Кабуле было папярэджанае магчымае забойства кагосьці з кіраўнікоў ураду ці прадстаўнікоў міжнародных сілаў. Першымі аб гэтым паведамілі карэспандэнты нацыянальнага тэлебачаньня Афганістану.
У рэалізацыі гэтых плянаў тэрарыстам перашкодзіла аварыя, у якую яны патрапілі. Мы зьвязаліся з кіраўніком службы бясьпекі афганскага міністэрства ўнутраных справаў генэралам Махамадам Джуратам і папрасілі растлумачыць, што адбылося ў сталіцы Афганістану. Адказвае генэрал Махамад Джурат:
(Джурат: ) “Учора раніцай былі арыштаваныя некалькі чалавек, якія мелі з сабою ў машыне выбуховыя рэчывы, тол і вострыя мэталічныя аб’екты. Нягледзячы на тое, што некалькі чалавек уцяклі, асноўныя правакатары былі затрыманыя. Яны мелі дзьве магчымасьці. Першае – узарваць бомбу з дапамогай дыстанцыйнага кіраваньня. Пры гэтым яны імкнуліся забіць важную афіцыйную асобу. Ці, калі не атрымаецца гэта – падарваць адзін з цэнтраў міжнародных сілаў у Кабуле”.
У машыне “Таёта-Карола”, як паведамляецца, было некалькі чалавек. Генэрал Джурат заявіў, што два з трох, што былі затрыманыя – афганцы. Трэці – пакістанец. Пакуль невядома дакладна, хто быў чацьверты, але мяркуецца, што таксама афганец.
Генэрал сьцьвярджае, што прадстаўнікі ўнутраных сілаў бясьпекі атрымалі папярэджаньне аб тэракту. Дзякуючы гэтаму напад не адбыўся. Аднак і дагэтуль невядома, хто мусіў быць ахвярай. Прэсавы сакратар міжнародных сілаў у Афганістане маёр брытанскага войска Анжэла Гербэрт адказала журналістам на гэтае пытаньне наступным чынам:
(Гербэрт: ) “Можна меркаваць, што мішэньню былі міжнародныя сілы. Патэнцыйна гэта мог быць любы з афганскіх міністраў. Мэтаю мог быць сам Хамід Карзаі. Мы ўсе гэта ведаем. Хто дакладна быў галоўнай мішэнью, гэтага пакуль ня можам сказаць ні мы, ні прадстаўнікі пераходнага ўраду”.
Як паведаміла афганскае інфармацыйнае агенцтва, цалкам верагоднай застаецца і вэрсія аб самагубным нападзе.
За апошнія паўгоду гэта была ўжо чацьвертая спроба забойства аднаго з кіраўнікоў Афганістану. У лютым на лётнішчы ў Кабуле натоўпам мусульманскіх вернікаў быў забіты міністар авіяцыі і турызму Абдул Рахман. Ягоныя забойцы ці, хутчэй, людзі, што справакалі гэтае забойства, пакуль не былі знойдзеныя. Напад на міністра абароны Афганістану Махамада Касіма Фахіма адбыўся ў горадзе Джалалабад у красавіку гэтага году. Менш за месяц таму быў застрэлены віцэ-прэзыдэнт пераходнага ўраду Абдул Кадзір. Неўзабаве пасьля гэтага кіраўнік пераходнага ўраду Афганістану Хамід Карзаі зьвярнуўся па дапамогу і абарону да спэцыяльных сілаў амэрыканскага войска.
Сярод прадстаўнікоў дыпляматычных колаў, што знаходзяцца ў Афганістане, існуе меркаваньне, што Карзаі быў вымушаны зьвярнуцца да амэрыканцаў, таму што існуе рэальная пагроза ягонаму жыцьцю. Больш за тое, як паведамляе афганскае інфармацыйнае агенцтва, гэтая пагроза сыходзіць непасрэдна ад сябраў ягонага кабінэту. Дарэчы, 50 чалавек зь ліку ахоўнікаў Карзаі, што былі замененыя, належалі да 10-тысячнага войска, ляяльнага міністру абароны Махамаду Фахіму.
Пасьля таго, як з дапамогай войска Злучаных Штатаў Паўночны альянс перамог сілы Талібану і Аль-кайды, пераходнаму ўраду Хаміда Карзаі пагражаюць дзьве галоўныя небясьпекі. Гэта, з аднаго боку, магчымасьць тэрарыстычных нападаў з боку Талібану ці Аль-Кайды, а па-другое – міжэтнічныя напружаныя адносіны паміж пераможцамі. Галоўнымі сілаім тут выступаюць паўночныя таджыкі, якіх прадстаўляе Фахім, і пуштуны. Этнічным пуштунам ёсьць і сам Карзаі.
Дарэчы, і надалей сілы антытэрарыстычнай кааліцыі працягваюць змагацца з рэшткамі Талібану і Аль-Кайды. Аднак урады краінаў-удзельніц кааліцыі адмаўляюцца пашырыць колькасьць міратворчых сілаў у Афганістане, што знаходзяцца практычна толькі ў Кабуле. Уплыў пераходнага ўраду на іншыя правінцыі застаецца абмежаваным.