Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ І NATO ЗРАБІЛІ КРОК ДА ПАРТНЭРСТВА


Ул. інф.

Генэральны сакратар NATO Джордж Робэртсан, які старшыняваў на сёньняшнім саміце, адзначыў:

(Робэртсан: ) “У кожнага з нас высокая мара – каб гэтая падзея была не чарговай пратакольнай падзеяй, а рэальным буйным дасягненьнем. Спадзяваньні на тое, што новаўтвораная Рада NATO – Расея будзе ня толькі дэкляраваць, а будзе рэальна працаваць, ня толькі аналізаваць, але і вырашаць, і будзе рашуча дзейнай”.

Джордж Робэртсан заявіў таксама, што ўсе члены Рады будуць працаваць як раўнапраўныя партнэры.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што яшчэ зусім нядаўна такая сустрэча і такія яе вынікі былі б проста немагчымымі:

(Пуцін: ) “Дваццаць уплывовых дзяржаваў сьвету ўсьвядомілі супольнасьць базавых палажэньняў бясьпекі ў сусьветнай сытуацыі, якая імкліва мяняецца. Яны ў дастатковай ступені ўсьвядомілі і неабходнасьць большага ўзаемадзеяньня, і глябальную небясьпеку новых пагрозаў, найперш – пагрозы міжнароднага тэрарызму”.

Уладзімер Пуцін заўважыў, што Расея цьвёрда разьлічвае на канструктыўнае супрацоўніцтва з NATO.

Адзначым, што пакуль Расея не валодае правам вета адносна рашэньняў NATO.

Уладзімер Пуцін лічыць вельмі істотным, што супрацоўніцтва будзе абапірацца на Статут ААН, Гельсынскі заключны Акт і Хартыю Эўрапейскай бясьпекі.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш лічыць сёняшнюю падзею гістарычнай:

(Буш: ) “Гэты дзень адзначаны гістарычным дасягненьнем для вялікага альянсу і вялікай эўрапейскай нацыі. Два ранейшых праціўніка цяпер злучаныя як партнэры, пераадолеўшы 50 гадоў падзелу і дзесяцігодзьдзе няпэўнасьці”.

У ліку першачарговых кірункаў сумеснай дзейнасьці амэрыканскі прэзыдэнт назваў барацьбу з тэрарызмам і спыненьне распаўсюджаньня зброі масавага зьнішчэньня. Джордж Буш таксама адзначыў, што сёньняшняя падзея грунтуецца на папярэднім супрацоўніцтве:

(Буш: ) “Мы зробім больш дасканалым нашае супрацоўніцтва там, дзе мы ўжо працуем разам, кшталту Балканаў. NATO, Расея і нашыя іншыя партнэры могуць ганарыцца мірам і стабільнасьцю, якія мы прынесьлі ў гэты рэгіён. Мы таксама будзем разьвіваць супрацоўніцтва ў іншых сфэрах, напрыклад, у супрацьракетнай абароне і кантролі паветранай прасторы, што можа ўзмацніць бясьпеку ўсёй Эўропы”.

Стварэньне Рады Расея – NATO, якое адбылося сёньня, сусьветныя назіральнікі ўжо вызначылі як падзею глябальнага маштабу, якая можа істотна паўплываць на сытуацыю і ў найбліжэйшай, і ў больш аддаленай пэрспэктыве.
XS
SM
MD
LG