Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС НЯМЦОЎ І АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ПАДПІСАЛІ ПАГАДНЕНЬНЕ АБ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ АГП І СПС


Уладзімер Глод, Менск

Акрамя таго, спадар Нямцоў і дэпутат Дзярждумы Аляксандар Коцюсаў сустракаліся з роднымі зьніклых і рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў.

Барыс Нямцоў падкрэсьліў, што сёньня была выпраўленая вялікая памылка:

(Нямцоў: ) "Мы аддалі праблему адносінаў Беларусі й Расеі, Расеі й Беларусі на вырашэньне левым і на вырашэньне дзейнай беларускай уладзе. На самой справе гэта няправільна. Адказныя палітычныя сілы Расеі і Беларусі павінны разумець, што акрамя крывадушнасьці і маны, ёсьць яшчэ і сумленны, адказны погляд на праблему нашых узаемаадносінаў, нашай інтэграцыі і далейшага руху ў Эўропу. Я хачу сказаць, што лепш пазьней, чым ніколі. І Саюз правых сілаў разглядае гэтыя адносіны як прарыў".

Прынцыповая розьніца паміж левым і правым поглядамі на інтэграцыю лідэр Саюзу правых сілаў сфармуляваў так:

(Нямцоў: ) "Левыя лічаць, што трэба вось гэты лукашызм распаўсюдзіць фактычна на Расею, і саўковыя мэтады кіраўніцтва таксама распаўсюдзіць на Расею. Пагадзіцеся, што гэта розныя падыходы, я б нават сказаў — дыямэтральна розныя. Другі момант — мы лічым, што эканамічная інтэграцыя павінная быць наперадзе. І ў гэтай сувязі я лічу прынцыповай праблему прыцягненьня інвестыцыяў, у тым ліку для эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця Беларусі і ўзроўня жыцьця людзей. Прычым, ня толькі расейскіх, але і заходніх... Перашкоды гэтаму працэсу замінаюць эканамічнаму развіцьцю краіны і працуюць супраць нацыянальных інтарэсаў Беларусі".

Барыс Нямцоў паабяцаў, што ўжо 30 красавіка ён перадасьць зварот родных рэпрэсаваных і зьніклых беларускіх палітыкаў прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну. Акрамя таго, мяркуецца неўзабаве правесьці слуханьні ў Дзярждуме менавіта на гэтую вострую тэму.

Спадар Нямцоў адмовіўся ад вячэры, якую яму прапанавалі лідэры АГП. Ён сказаў, што хоча асабіста пахадзіць па крамах і паглядзець, што можна купіць і па якой цане ў краіне эканамічнага цуду, як усюды прадстаўляе Беларусь Аляксандар Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG