Паводле намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Сычова, летась Беларусь пастаўляла ў Ірак аўтамабілі, трактары і іншую тэхніку, а таксама мэдыкамэнты. Усе гэтыя тавары экспартаваліся ў рамках праграмы ААН "Нафта ў абмен на харчаваньне". На сёньня застаюцца замарожанымі ў Камітэце ў справе санкцыяў ААН некалькі кантрактаў на пастаўку беларускіх аўтамабіляў МАЗ і аўтапагрузчыкаў — у сувязі з тым, што яны могуць разглядацца як тавары падвойнага прызначэньня.
Паводле словаў спадара Сычова, Беларусь будзе працягваць актыўна супрацоўнічаць з Іракам у рамках праграмы ААН "Нафта ў абмен на харчаваньне".
Спробы за кошт Іраку кампэнсаваць адсутнасьць рынкаў для беларускіх тавараў у Эўропе і скарачэньне рынкаў у СНД малапэрспэктыўныя, лічыць незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук. 165 мільёнаў даляраў — зусім невялікая для гэтага лічба:
(Раманчук: ) “Я б ацэньваў гэтую лічбу не як нейкую тэндэнцыю да супрацоўніцтва з Іракам, а проста як нейкія аднаразовыя кантакты, якія ажыцьцяўляюць некаторыя структуры Беларусі ў кантэксьце эканамічнай і міжнароднай ізаляцыі Садама Гусэйна і ягонага рэжыму. Гэтыя стасункі з Іракам нельга трактаваць як нешта такое пастаяннае і стабільнае. Проста некаторыя беларускія фірмы, што працуюць у цесным кантакце з адміністрацыяй прэзыдэнта, атрымліваюць санкцыі на гэтыя кантракты, дазвол на эскпарт гэтых тавараў. І таму я б разглядаў гэта як гандаль дзяржавы, а не як карпаратыўныя праекты, напрыклад, трактарнага заводу альбо іншых”.
Намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Сычоў сёньня заявіў, што, на думку ўраду Беларусі, міжнародныя санкцыі супраць Іраку павіны быць перагледжаныя, і беларускія экспэрты ўжо працуюць над прапановамі ў гэтай праблеме. У беларускім урадзе нават падлічылі прыкладныя страты Беларусі ад гэтых санкцыяў — каля 200 мільёнаў даляраў штогод.
Яраслаў Раманчук лічыць, што Беларусі ня варта асабліва разьлічваць на такія грошы, бо пасьля гіпатэтычнай адмены санкцыяў беларускай прадукцыі прыйдзецца канкураваць з таварамі з усяго сьвету. І сяброўскія стасункі з Садамам Гусэйнам тут нічым не дапамогуць:
(Раманчук: ) “Калі, напрыклад, мы прайграем на нашым фундамэнтальным, клясычным рынку краін СНД і Расеі, то няма ніякіх падставаў, каб краіна, якая знаходзіцца на другім канцы сьвету, стала для Беларусі нейкім прыярытэтам у вонкавым гандлі”.
Тым часам 26 красавіка заканчваецца чарговы візыт у Ірак беларускай урадавай дэлегацыі на чале з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанідам Козікам, у складзе якой прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, гандлю, авіякампаніі "Белавія", а таксама шэраг лекараў, якія праводзяць гуманітарныя апэрацыі ў ірацкіх шпіталях.