Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРАПАГАНДЫСТЫ ЗЬ БЕЛАРУСКАГА КГБ НАДЗВЫЧАЙ ПРАФЭСІЙНА ЎЖЫВАЮЦЬ АДЧАЙ НЯШЧАСНАГА ЧАЛАВЕКА”


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Я адчуваю сябе чалавекам, якому здрадзіў італьянскі ўрад”, – заяўляе італьянец, зьняволены ў самай савецкай з усіх рэспублік былога СССР”, – піша “La Stampa” і працягвае: “Беларускі КГБ зрабіў відэазапіс з заявай Піў, у якой ён абвінавачвае тых, хто накіраваў яго ў Беларусь зь бязглуздым заданьнем. Пасьля таго, як Лукашэнка адхіліў просьбу вязьня пра памілаваньне, у яго не засталося надзеі на вызваленьне”.

Відэазапіс зроблены ў турме, дзе Піў знаходзіцца ад часу, калі ў леташнім верасьні яго асудзілі на чатыры з паловай гады зьняволеньня. Ён размаўляе па-італьянску, хаця досыць пасьпяхова вучыцца гаварыць па-расейску – як бальшыня ягоных сукамэрнікаў.

Піў не працуе на вытворчасьці, хаця беларусы абяцаюць зрабіць з былога шпіёна сапраўднага рабочага.

Свае спадзяваньні зьняволены зьвязвае са згаданым відэазваротам: ён просіць, каб гэты зварот паказалі ўсёй Італіі. Піў каецца, што зрабіў злачынства: “Гэта было глупства, ідыятызмам”, – кажа ён і паступова пачынае натхняцца – гаварыць гучней і гучней, урэшце амаль крычаць. Ён клянецца адпомсьціць тым, хто “афіцыйна” паслаў яго на заданьне, каб потым пакінуць у беларускай вязьніцы на волю лёсу.

50-гадовы злачынца, які цяпер каецца, быў асуджаны за шпіёнства разам са сваёй нявестай і саўдзельніцай Ірынай Ушак. Некалькі дзён таму Ірына была памілаваная.

“Яна зрабіла нязначнае злачынства, і італьянскія парлямэнтары, якія наведалі вязьніцу, паабяцалі дапамагчы ёй”, – цытуе прадстаўніка беларускага КГБ Фёдара Котава “La Stampa”. Сам Піў таксама прасіў найперш уратаваць Ірыну. Адразу пасьля выхаду зь вязьніцы ёй дазволілі на кароткі час, паколькі афіцыйна яны яшчэ ня муж і жонка, пабачыцца зь Піў. Паводле правілаў, каханкам-шпіёнам забароненыя фізычныя кантакты, але ім дазволілі пацалавацца.

“Мы ўсе, і нават начальнік лягеру, глядзелі на гэта са сьлязьмі”, – цытуе згаданага Котава аўтар артыкулу і дадае: “Незвычайная сэнтымэнтальнасьць для арганізацыі, якая захавала нават сваю ранейшую назву – КГБ”.

Але, піша “La Stampa”, пасьля таго як прапагандовы эфэкт ад выяўленьня чарговага “заходняга шпіёна” быў дасягнуты, Котаў пачаў ставіцца да Ірыны і Піў як да заблудлых авечак. Паводле Котава, ініцыятыва выступіць з абвінавачаньнямі зыходзіла ад самога італьянца пасьля таго, як ён убачыў тэлекамэру.

“Няўжо яна там зьявілася выпадкова?” – задае пытаньне газэта і падае яшчэ адну цытату з Котава: “Мы павінны растлумачыць насельніцтву, чаму мы даруем шпіёну і таму прынесьлі камэру, каб зьняць сустрэчу Ірыны і Піў, каб пераканаць людзей у тым, што Піў глыбока няшчасны чалавек”.

Вельмі шчымліва, – камэнтуе гэтае выказваньне “La Stampa”, – італьянскі шпіён дзякуе Лукашэнку і просіць дараваньня ў беларускага народу, а потым ізноў дзякуе Лукашэнку. Гэтая сцэна нагадвае раскаяньні й прызнаньні савецкіх дысыдэнтаў. Яны, як і Піў, ад пачатку здаваліся разгубленымі й запалоханымі, але потым шчыра пачыналі злавацца і абяцаюць, што “нехта заплаціць за ўсё крывавымі сьлязьмі”.

Тым часам, – нагадвае газэта, – ніхто яшчэ так і не зразумеў, якія шпіёнскія зьвесткі мог зьбіраць непрафэсійны агент 007 у гэтай беднай аўтарытарнай краіне.
XS
SM
MD
LG