Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ САЦІНТЭРНУ СПРАБУЕ АРГАНІЗАВАЦЬ ДЫЯЛЁГ ПАМІЖ УЛАДАМІ І АПАЗЫЦЫЯЙ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

У складзе дэлегацыі кіраўнік камітэту ў справах міру, бясьпекі і правоў чалавека Сацінтэрну, прэм'ер-міністар Чэхіі Мілаш Зэман.
Кіраўнік чэскага ўраду адразу падкрэсьліў, што тут ён ня ў якасьці прэм’ера, а выключна як кіраўнік камітэту Сацінтэрну. Спадар Зэман так патлумачыў мэты візыту дэлегацыі:

(Зэман: ) "Мы прыехалі сюды для таго, каб, па-першае, падтрымаць сацыял-дэмакратычную апазыцыю на чале са спадаром Статкевічам, па-другое, каб прааналізаваць праз прызму правоў чалавека магчымасьць дыялёгу дэмакратычнай апазыцыі з урадам. Таму мы сустракаемся ня толькі з сацыял-дэмакратамі, але і з прадстаўнікамі іншых апазыцыйных палітычных партыяў. Мы гатовыя дапамагчы раўнапраўнаму дыялёгу паміж урадам і апазыцыяй, якога тут да гэтага часу не існуе. Можна ізаляваць некаторых палітыкаў, але немагчыма ізаляваць увесь народ. І таму нам патрэбна адкрыць гэтыя дыскусіі".

Спадар Аяла, разважаючы пра пэрспэктывы дэмакратызацыі ў Беларусі, адзначыў:

(Аяла: ) "Мы жывем ў новы час, калі існуюць прыкметы свабоды і дэмакратыі. Існуе дынамічны рух, дынамічныя моманты, якія нельга спыніць, ва ўсялякім выпадку, у Эўропе. І ўвогуле нідзе ў сьвеце. Немагчыма спыніць прызнаньне свабод і дэмакратычных правоў. Падобную дынаміку я бачу і ў Беларусі. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Я ведаю яе людзей. Яны імкнуцца да дэмакратыі, свабод і правоў чалавека. І калі я змагу ім у гэтым дапамагчы, я гэта зраблю".

Старшыня камітэту ў міжнародных справах парлямэнту Швэцыі Урбан Алін, сябра сталай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, які таксама прыехаў у Менск, сказаў:

(Алін : ) "КНГ АБСЭ павінна быць у Беларусі. Гэта надзвычай важна. Мы вельмі засмучаныя з нагоды таго, што ўлады Беларусі не працягнулі тэрмін візы Мішэлю Рывалье. Беларускія ўлады павінныя былі б зразумець, што ад супрацоўніцтва з АБСЭ яны атрымалі б добрыя дывідэнды".

Дэлегацыя Сацінтэрну сустракалася сёньня з кіраўніцтвам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, прадстаўнікамі Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, беларускімі сацыёлагамі і аналітыкамі. Акрамя таго, адбылася размова са сваякамі грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў уладаў.

Сёньня ж магла адбыцца сустрэча Мілаша Зэмана з Аляксандрам Лукашэнкам. Як паведаміў кіраўнік ураду Чэхіі ў гутарцы з кіраўніцтвам БСДП (НГ), да яго некалькі разоў зьвярталіся супрацоўнікі службы пратаколу прэзыдэнта Беларусі з прапановай сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам сам-насам.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Мілаш Зэман, які пастаянна падкрэсьлівае, што прыбыў у Беларусь выключна як кіраўнік камітэту Сацінтэрну, гатовы быў гутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам, але толькі ў прысутнасьці ўсёй дэлегацыі, а таксама кіраўніка БСДП (НГ) Мікалая Статкевіча. Аднак такі варыянт, здаецца, не задаволіў афіцыйныя ўлады Беларусі.
XS
SM
MD
LG