Як паведамляюць газэта “Financial Times” і агенцтва “Reuters”, брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро зазначыў у лісьце калегам, што Эўрапейскі Зьвяз мае “прамую долю ў дапамозе знайсьці адказы на выклікі, што паўстаюць для і ўнутры гэтых трох краін”.
Паводле Стро, пасьля пашырэньня на ўсход Эўразьвяз на сваіх новых межах “будзе мець усе праблемы, што спадарожнічаюць гэтаму – трансгранічную злачыннасьць, кантрабанду й нелегальную іміграцыю”.
Брытанскі міністар замежных справаў дадае, што “цяжка быць аптымістычным наконт гэтых трох краін” (Украіны, Беларусі й Малдовы).
Адна з прапановаў Вялікабрытаніі – прапанаваць Беларусі, Малдове й Украіне “адмысловы статус суседзяў”. Гэты статус паспрабуе вызначыць Эўрапейская камісія ў часе старшыняваньня Даніі ў Эўразьвязе, якое пачынаецца ў ліпені.
Статус будзе прывязаны да схемы, якая будзе прапаноўваць Беларусі, Малдове й Украіне паступовую лібэралізацыю гандлю з Эўразьвязам у абмен на правядзеньне эканамічных і палітычных рэформаў і паляпшэньне cытуацыі з правамі чалавека, паведамляе “Financial Times”.
Агенцтва “Reuters” падае яшчэ адну цытату зь ліста брытанскага міністра замежных справаў: “Мы ня можам проста сядзець. Гэтыя краіны маюць значэньне для Эўропы. Ня толькі з прычыны рызыкаў, выкліканых беднасьцю, беззаконьнем, кантрабандай і забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя – але з прычыны іхнага некранутага патэнцыялу”.
“Reuters” паведамляе, што іншыя дзяржавы Эўразьвязу шырока падтрымалі брытанскую прапанову, і цяпер ад Эўрапейскае камісіі чакаюць распрацоўкі прапановаў што да ўзмацненьня стасункаў з новым “блізкім замежжам” Эўрапейскага Зьвязу.