Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯ ВЫКЛЮЧАНА, ШТО ЎЖО НА ГЭТЫМ ТЫДНІ ЛІТВА МОЖА АТРЫМАЦЬ ЭЎРАПЕЙСКІ МАНДАТ НА ПЕРАМОВЫ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Алена Радкевіч, Прага

Літва, якая ў лістападзе летась пераняла старшынства ў Камітэце Міністраў Рады Эўропы, ня раз заяўляла, што адна зь ейных мэтаў – палепшыць дачыненьні Беларусі з Эўропай. Цяпер Альгірдас Бразаўскас сам прапанаваў, каб ягоная краіна стала пасярэдніцай паміж Беларусьсю і эўрапейскімі структурамі. Ініцыятыва Літвы разглядаецца цяпер Радай Эўропы. Паводле намесьніка міністра замежных справаў Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса, афіцыйная прапанова аб пасярэдніцтве будзе пасланая Беларусі, як толькі Літва атрымае мандат – што можа адбыцца ўжо на гэтым тыдні.

У інтэрвію Радыё Свабода Ігнатавічус зазначыў, што Літва падтрымлівае ідэю наўпроставага дыялёгу паміж эўрапейскімі структурамі й Беларусьсю, аднак ня бачыць пакуль прыкметаў таго, што такі дыялёг пачынаецца.

(Ігнатавічус: ) “Не выглядае на тое, што такі дыялёг цяпер мае месца. Наколькі мы ведаем, Эўразьвяз сфармуляваў свае ўмовы для пачатку дыялёгу: больш свабоды прэсе, падвышэньне ролі парлямэнту, адмена сьмяротнага пакараньня. Але безь Беларусі немагчыма будзе прасунуцца наперад”.

Літва не спадзяецца на хуткія зьмены адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам, аднак, паводле Ігнатавічуса, магчымасьці для дыялёгу існуюць і павінны быць падтрыманыя. Ён адзначыў, што ізаляцыя Беларусі расьце, Эўропа атрымлівае ўсё менш інфармацыі пра гэтую краіну. Ігнатавічус зьвярнуў увагу на тое, што толькі пяць дзяржаваў Эўразьвязу маюць цяпер амбасады ў Менску.

На мінулым тыдні Эўрапейскі Банк рэканструкцыі й разьвіцьця, які базуецца ў Лёндане, вырашыў скараціць сваю дапамогу Беларусі. Прэзыдэнт Банку Жан Лем’ер завіў у інтэрвію нашаму радыё.

(Лем’ер: ) “Рада дырэктараў Банку ізноў абмяркоўвала сытуацыю ў Беларусі, пра што я буду неўзабаве размаўляць з прэзыдэнтам Беларусі. Мы прыпыняем усе апэрыцыі зь дзяржаўным сэктарам, але будзем фінансава падтрымліваць прыватны сэктар – у прыватнасьці, малы і сярэдні бізнэс – пры ўмове, што ён ніяк не ўзаемадзейнічае зь дзяржавай”.

Паводле Лем’ера, Беларусь пакуль не падае прыкметаў рэформаў, хутчэй наадварот: сытуацыя ў краіне пагаршаецца.

Папярэднія высілкі Эўразьвязу, АБСЭ і іншых заходніх структураў не змаглі пераканаць Аляксандра Лукашэнку ў неабходнасьці праводзіць больш лібэральную палітыку. Як жа Літва спадзяецца дасягнуць посьпеху там, дзе гэта не атрымалася ў іншых?

Паводле старшыні Парлямэнцкага камітэту замежных справаў Літвы Гедымінаса Кіркяліса, Бразаўскас спадзяецца ўсталяваць з Лукашэнкам больш блізкія сувязі, чым гэта ўдалося астатнім. Кіркяліс, у прыватнасьці, кажа: “Мы сапраўды вельмі часта маем адчуваньне, што беларускія ўлады не разумеюць, што адбываецца. І тое, што кажуць пра іх за мяжой, не дасягае тых, хто прымае рашэньні ў Беларусі”. Кіркяліс хоча сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і, як ён кажа, “шчыра распавесьці яму, якія вынікі можа мець ягоная палітыка, і што яму варта было б рабіць”.

Беларускі МЗС на словах вітае любую спробу інтэграваньня Беларусі ў эўрапейскія справы, аднак афіцыйная пазыцыя Менску застаецца скептычнай. Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка заявіў:

(Латушка: ) “Мы будуем свае дачыненьні з Эўразьвязам і АБСЭ і Радай Эўропы такім чынам, каб весьці дыялёг напрасткі, без пасярэдніцтва. Гэта, аднак, ня значыць, што мы будзем адмаўляцца ад добрых паслугаў”.

Гэта ўжо ня першая спроба Вільні адыграць ролю пасярэдніка паміж Эўропай і Беларусьсю. У 1998 годзе прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус сустрэўся з Лукашэнкам, каб пераканаць яго ўзяць удзел у некаторых эўрапейскіх праектах, якія ў тым ліку прадугледжвалі супрацоўніцтва паміж памежнымі рэгіёнамі Літвы і Беларусі. Тады Беларусь фармальна дала згоду, але не зрабіла са свайго боку ніякіх крокаў. Іншыя захады былі пазьней ужытыя Літвой на ўрадавым і няўрадавым узроўнях.

Падсумоўваючы вопыт Літвы ў гэтым накірунку, віленскі палітоляг Раймундас Лапата зазначае, што запоўніць разрыў паміж Беларусьсю і Захадам – ідэя добрая, аднак цяжкавыканальная. “Сур’ёзнае пасярэдніцтва магчымае толькі пры ўмове, што Лукашэнка зробіць крокі да дэмакратыі. Пакуль жа няма ніякіх прыкметаў, што Лукашэнка схільны рабіць штосьці, што нагадвала б лібэралізацыю”, – кажа палітоляг зь Вільні.
XS
SM
MD
LG