Як вынікае з артыкулу, Літва і Польша настойваюць на адмысловай інціыятыве Рады Эўропы ў адносінах да Беларусі, якая б прапанавала краіне шлях з ізаляцыі. Адначасова і Вільня, і Варшава крытыкуюць нястачу інтарэсу заходніх палітыкаў да іхнага ўсходняга суседу.
Ад сьнежня летась Літва старшынюе ў Камітэце Міністраў Рады Эўропы, і менавіта з гэтага часу яна настойвае на правядзеньні актыўнай палітыкі да афіцыйнага Менску. І Літва, і Польшча, – піша нямецкае выданьне, – разьлічвалі атрымаць адмысловы мандат Рады Эўропы на перамовы зь беларускім дыктатарам Лукашэнкам.
Сутнасьць перамоваў была сфармуляваная літоўскім міністрам замежных справаў Валіёлісам, які патрабаваў ад Менску павагі да заканадаўчай улады, паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, увядзеньня пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека і адмены сьмяротнага пакараньня.
Аднак, паводле літоўскага прэм’ера Бразаўскаса, Рада Эўропы паставілася да гэтага вельмі нерашуча і не праявіла ў гэтым зьвязку ніякай актыўнасьці. Як піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, Бразаўскас папракае Страсбург у абыякавым стаўленьні эўраструктураў да працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі. “Падобная катэгарычная ізаляцыя Беларусі можа стаць надзвычай небясьпечнай”, – заявіў літоўскі прэм’ер.
Камэнтуючы гэтую публікацыю ў “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, нямецкія аналітыкі лічаць, што вырашэньне беларускага пытаньня на цяперашні момант зьяўляецца для абедзьвюх краінаў справай палітычнага прэстыжу. Неўзабаве Літва і Польшча стануць сябрамі Эўразьвязу і (як памежныя краіны ў гэтай эўрапейскай структуры) яны разьлічваюць на актыўныя эканамічныя дачыненьні са сваім усходнім суседам.
Паводле нямецкіх экспэртаў, ніхто ня хоча непрадказальных дзеяньняў з боку афіцыйнага Менску, альбо каб (па-нямецку кажучы) хтосьці камусьці плюнуў у талерку.