Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАБРУЙСКУ АБЯЦАЛІ ЎЖО СЁЛЕТА ЎЗЬВЕСЬЦІ ЛЯДОВЫ ПАЛАЦ, АЛЕ ЗА ГОД НА МЕСЦЫ БУДОЎЛІ НЕ ЗЬЯВІЛАСЯ НІВОДНАЙ ЦАГЛІНКІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Пасьля ўзьвядзеньня лядовага палацу ў Магілёве Аляксандар Лукашэнка паабяцаў жыхарам Бабруйску пабудаваць яшчэ адзін палац на 2500 месцаў. Гэтым разам, у адрозьненьне ад Магілёва, асноўная фінансавая нагрузка мусіла легчы на мясцовы бюджэт. Спадар Лукашэнка толькі паабяцаў набыць абсталяваньне для палаца, але да гэтага часу ня выдзеліў грошай з уласнага фонду.

Зрэшты, на нарадзе бабруйскай вэртыкалі пытаньне пра выплаты з лукашэнкаўскага фонду так і не закранулі. Загадчык фінансавага ўпраўленьня гарвыканкаму Ўладзімер Красьнеўскі патлумачыў, што сёлета палаца ня будзе, бо Міністэрства фінансаў ня выдзеліла рэсурсаў. І хоць летась прамысловасьць Бабруйску спрацавала лепш, чым у Магілёве, бюджэтных сродкаў хапае толькі на неабходныя патрэбы.

І дзе іх узяць для будаўніцтва лядовага палацу — ніхто ў горадзе ня ведае. Але шукаць будуць, бо загадана будаваць за кошт мясцовых рэзэрваў.

Мясцовыя дэмакраты сьцьвярджаюць, што гэтая ініцыятыва Лукашэнкі была толькі папулісцкім крокам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Магілёўскі лядовы палац у свой час абяцалі ўзьвесьці ажно тры разы, і забяспечыць нармальнае фінансаваньне, але кожнага разу не маглі выканаць свае абяцанкі. Пры канцы 1999 году абласная вэртыкаль выдаткавала ўсе заплянаваныя для будаўніцтва рэспубліканскім і абласным бюджэтамі 1 трыльён 300 мільёнаў рублёў. На той момант гэта было толькі 60% ад неабходнай сумы.

Калі магілёўскі лядовы палац усё-ткі пачаў дзейнічаць, высьветлілася, што ня выкананыя некалькі іншых плянаў, найперш плян здачы жыльля.

Зрэшты, той жа магілёўскі лядовы палац выкарыстоўваецца ня толькі для спартоўцаў. Тут разьмясьцілі рэчавы рынак, здаюць у арэнду памяшканьні. Ды й заняткі спортам у палацы зусім ня танныя. Магілёўцу за гадзіну карыстаньня лядовай пляцоўкай і канькамі трэба заплаціць 2000 рублёў. Відаць, ня йнакш будзе і ў Бабруйску, калі ў горадзе пабудуюць лядовы палац.
XS
SM
MD
LG