Як паведамілі ў інфармацыйнай службе амабасады ЗША ў Менску, сёньня з візытам у Беларусь прыбыла дэлегацыя Дзярждэпартамэнту ЗША на чале з намесьнікам памочніка Дзяржаўнага сакратара ЗША Стывенам Пайфэрам. Спадар Пайфэр – галоўная афіцыйная асоба Дзярждэпартамэнту, адказная за адносіны ЗША зь Беларусьсю, Малдовай, Расеяй, Украінай. Як паведаміў прадстаўнік амабасады ЗША Аляксей Саламаха, мэта гэтага візіту –"ацэнка сытуацыі ў Беларусі ў святле крытэрыяў, якія датычаць усіх краінаў – сябраў АБСЭ – у галіне празрыстасьці выбарнага працэсу, свабоды слова, істотных функцыяў парлямэнту і свабоднага ад рэпрэсіяў палітычнага клімату".
Гаворыць прадстаўнік амбасады ЗША Алясей Саламаха:
(Саламаха: ) “Ён таксама абмяркуе пытаньні продажу зброі і ваеннай падрыхттоўкі прадстаўнікоў дзяржаваў і групаў, арганізацыяў, якія выклікаюць занепакоенасьць.
Як паведаміў спадар Саламаха, амабасадар Пайфэр сустрэнецца з беларускімі афіцыйнымі асобамі, прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў, прафсаюзаў, недзяржаўных арганізацыяў і незалежных СМІ, з жонкамі зьніклых палітыкаў.
Візыт працягнецца да 22 лютага. На 21 лютага прызначаныя сустрэчы высокапастаўленых амэрыканскіх дыпляматаў зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўралам Латыпавым і міністрам абароны Леанідам Мальцавым. Апошні ў гэтым сьпісе, міністр абароны, відаць, павінен распавесьці пра празрыстасьць беларускіх паставак зброі. У прыватнасьці, міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў напярэдадні візіту прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту выказваў спадзяваньне, што пасьля гэтых сустрэчаў беларускаму боку ўдасца нарэшце закрыць тэму незаконных паставак беларускай зброі краінам і групоўкам, што падтрымліваюць тэрарызм. Пра гэта неаднаразова пісала сусьветная прэса, што выклікала заклапочанасьць амэрыканскага боку.
Тэму гандлю беларускай зброяй закрануў і Аляксандар Лукашэнка, які даў сёньня інтэрвію амэрыканскаму дзелавому выданьню "Ўол Стрыт Джорнал". Як паведамляе ягоная прэсавая служба, А.Лукашэнка "катэгарычна заявіў пра несапраўднасьць заяваў у СМІ пра продаж Беларусьсю зброі ў абыход санкцыяў ААН".
Зь іншых выказваньняў А.Лукашэнкі варта адзначыць ягоную заяву пра тое, што КНГ АБСЭ павінна пакінуць Беларусь, альбо трэба перагледзець умовы яе знаходжаньня, паколькі ейны мандат, на думку Аляксандра Лукашэнкі, скончыўся.
Гэтая праблема таксама, відаць, будзе абмяркоўвацца ў часе візыту дэлегацыі Дзярждэпартамэнту ў Менск.