Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТЫ Ў ПОЛЬШЧЫ З НАГОДЫ ВІЗЫТА ПУЦІНА


Аляксей Дзікавіцкі, Познань

Як аказалася, некалькі пратэстаў супраць візыту Уладзімера Пуціна былі наладжаныя яшчэ ўчора, аднак вядучыя польскія тэлеканалы не паказалі акцыяў у Кракаве і Варшаве, як бы прытрымліваючыся нейкай ціхай змовы – не кранаць вострых тэмаў у часе візыту расейскага прэзыдэнта.

У Кракаве актывісты камітэту “Вольны Каўказ” наладзілі несанкцыянаваную дэманстрацыю перад расейскім консульствам, пратэстуючы супраць злачынстваў Расеі на Каўказе. Трымаючы ў руках транспаранты з надпісамі “Пуцін – забойца”, “Маскалі – рукі прэч ад Чачэніі”, дэманстранты скандавалі “Расейскія імэрыялісты – прэч”, а потым спалілі расейскі дзяржаўны сьцяг.

Несанкцыянаваны пікет з чачэнскімі сьцягамі наладзілі ўчора ў Варшаве і прадстаўнікі камітэту “Польшча – Чачэнія”. Паводле іхных словаў, Уладзімер Пуцін асабіста адказны за гэтую вайну. Пікетоўшчыкі сьпявалі чачэнскі гімн, польскія і чачэнскія патрыятычныя песьні.

У Кракаве паліцыя затрымала трох актывістаў, якія спалілі расейскі сьцяг, у Варшаве – паліцыянты абмежаваліся праверкай дакумэнтаў прысутных.

Што да ўчорашніх падзеяў, дык варта яшчэ дадаць, што позна ўвечары прэзыдэнт Пуцін зрабіў нечаканы крок – усклаў кветкі да помніку польскага падпольля і Арміі Краёвай. Адметна, што шмат дзеячоў Арміі Краёвай і іншых змагароў за вольную Польшчу, памяць якіх ушаноўвае гэты помнік, былі арыштаваныя НКВД ды загінулі ў савецкіх лягэрах.

Сёньня апоўдні прэзыдэнты Польшчы і Расеі прыляцелі ў Познань, дзе разам з амаль паўтысячнай групай бізнэсоўцаў з абедзьвух краінаў узялі ўдзел у працы польска-расейскага гаспадарчага форуму ды наведалі будаўнічы кірмаш “Будма”. У выніку была падпісаная дамова, паводле якой польскія фірмы будуць зьбіраць аўтобусы ў Калінінградзе.

Каля ўваходу на Познаньскі міжнародны кірмаш, што на вуліцы Букоўскай, каля 20 сябраў “Вольнага Каўказу” ізноў спрабавалі наладзіць акцыю пратэсту, аднак патрывала яна ня болей за паўхвіліны. Пасьля першых словаў актывістаў, некалькі дзясяткаў паліцыянтаў схапілі дэманстрантаў, упіхнулі ў паліцэйскія машыны ды вывязьлі зь месца падзеяў.

У часе прэсавай канфэрэнцыі, якая скончылася напярэдадні, амаль нічога новага да ўчорашніх заяваў прэзыдэнты не дадалі. Так і засталіся нявырашанымі на вышэйшым узроўні праблемы паставак расейскага газу ці праблема зьмяншэньня дэфіцыту ў польска-расейскім гандлі.

Не ўдалося таксама даведацца, ці абмяркоўвалі Квасьнеўскі і Пуцін сытуацыю ў Беларусі і ў прыватнасьці зварот жонак зьніклых беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Прынамсі, суправаджаючыя Квасьнеўскага асобы не пацьвердзілі факту такой размовы. Паводле іхных словаў, больш падрабязная інфармацыя ў гэтай справе магчыма зьявіцца па вяртаньні ў Варшаву.

Адзін з аглядальнікаў BBC, гаворачы пра магчымасьць абмеркаваньня звароту беларускіх жанчынаў адзначыў:

(Карэспандэнт: ) “Зважаючы на прагматычны характар сустрэчы ды імкненьне абодвух бакоў да зьбліжэньня, можна меркаваць, што праблемы беларускай апазыцыі будуць адсунутыя ў бок”.

Падсумоўваючы вынікі саміту, можна яшчэ раз адзначыць, што візыт Уладзімера Пуціна ў Польшчу меў у значнай ступені сымбалічны характар дзеля паляпшэньня міждзяржаўных стасункаў і стварэньня спрыяльнага клімату для іхнага далейшага разьвіцьця.
XS
SM
MD
LG