Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАГРОЗА ВАЙНЫ ПАМІЖ ІНДЫЯЙ І ПАКІСТАНАМ, ЯКАЯ МАГЛА ПЕРАРАСЬЦІ Ў ЯДЗЕРНЫ КАНФЛІКТ, ЗЬМЕНШЫЛАСЯ


Мікола Іваноў, Прага

Дыпляматыя ЗША і сам прэзыдэнт Джордж Буш дзейнічалі ў сваім мірным пасярэдніцтве паводле простай формулы: яны амаль штодня званілі па тэлефоне ў Ісьлямабад і Нью-Дэлі і пераконвалі сваіх суразмоўцаў устрымацца ад пашырэньня канфлікту.

Пры гэтым яны не прапанавалі адказу на вельмі балючае для абодвух бакоў пытаньне: хто павінен кантраляваць Кашмір. Яны таксама не прапанавалі сябе ў якасьці пасярэдніка ў мірных перамовах. Гэтую ролю ЗША даволі часта даводзіцца адыгрываць на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах сьвету.

Замест гэтага яны паводзілі сябе такім чынам, як быццам бы ісьлямскія экстрэмісты, якіх абвінавачваюць у нападзе на індыйскі парлямэнт, зьяўляюцца міжнароднымі тэрарыстамі без дзяржаўнай прыналежнасьці, падобнамі на Аль Кайду і, магчыма, зьвязанымі зь ёй, здольнымі выклікаць унутраную дэстабілізацыю ў Пакістане, дзе знаходзяцца іх базы, а таксама пагражаць Індыі.

Пры гэтым Буш у сваіх публічных выказваньнях ніколі ня згадваў таго факту, што гэтыя тэрарыстычныя групы дзейнічалі як прыдатак да пакістанскай службы бясьпекі.

І вось падобная тактыка спрацавала. Новаму саюзьніку Буша пакістанскаму лідэру Пэрвэзу Мушарафу штодня званілі па тэлефоне Дзяржаўны сакратар Колін Паўэл, дарадчыца прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райз і сам Буш. У выніку Мушараф пачаў затрыманьні і арышты лідэраў груповак, падазраваных у арганізацыі тэрарыстычнай атакі, а таксама тых, хто ня меў да яе ніякага дачыненьня.

І з кожным новым арыштам Індыі ўсё цяжэй было знайсьці вытлумачэньне для сваёй атакі, якая б, бясспрэчна, перарасла ў вайну.

Пачаткова індыйцы ставіліся да гэткай амэрыканскай тактыкі з падазрэньнем. Асабліва іх раззлавала характарыстыка Буша, якую ён даў двум галоўным тэрарыстычным арганізацыям, калі ён назваў іх "пазбаўленымі дзяржаўнай прыналежнасьці”. Індыйцы таксама пыталіся, чаму Вашынгтон не зьмясьціў у сваім сьпісе міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў Лашкар-і-Тайбу і Джаіш-е-Мухамэд, якія даўно займаюцца тэрарызмам супроць Індыі. Толькі 27 сьнежня амэрыканская адміністрацыя паправіла сваю памылку і ўнесла кашмірскіх сэпаратыстаў у лік тэрарыстаў.

Адначасна адміністрацыя Буша працягвала націскаць на генэрала Мушарафа, які ў перасьледзе тэрарыстаў пабачыў магчымасьць умацаваць сваю ўладу.

Цяпер перад адміністрацыяй Буша новая задача: пераканаць Індыю і Пакістан адцягнуць войскі ад мяжы і паспрабаваць канчаткова вырашыць крызыс з дапамогай перамоваў. У пятніцу на мінулым тыдні дзяржаўны сакратар Паўэл заявіў, што ён гатовы да наступнага кроку ў мірным пасярэдніцтве – накіраваньня ў рэгіён спэцыяльнага пасланьніка. Гэтым пасярэднікам можа быць сам Колін Паўэл, альбо ягоны намесьнік Рычард Армітрадж, альбо Рычард Хаас, які ўзначальвае ў дзяржаўным дэпартамэнце аддзел плянаваньня замежнай палітыкі, і не аднойчы займаўся ўрэгуляваньнем пакістана-індыйскіх канфліктаў.

Між тым, нягледзячы на гэтую пэрспэктыву мірнага ўрэгуляваньня абодва бакі працягваюць канцэнтрацыю войскаў ўздоўж супольнай 1800-кілямэтровай мяжы. Тут ужо знаходзіцца да 1 млн. пакістанскіх і індыйскіх жаўнераў. Толькі ў Кашміры знаходзіцца да 400 тыс. індыйскіх і 100 тыс. пакістанскіх вайскоўцаў.

У абедзьвюх краінах ідзе мабілізацыя рэзэрвістаў. Індыйская армія налічвае 1,2 млн. вайскоўцаў і больш за 5000 танкаў, а пакістанская 500 тыс. вайскоўцаў і 2300 танкаў.

Пакістанская разведка атрымала інфармацыю аб тым, што штодня ў раён мяжы прыбывае да 20 цягнікоў з войскам, якое перакідваецца з захаду краіны. Пакістанцы са свайго боку мабілізавалі да 470 цывільных грузавікоў дзеля перадысьлякацыі каля 60 тыс. вайскоўцаў з афганскай мяжы на інда-пакістанскую. Гэтым яны значна аслабілі высілкі міжнароднай кааліцыі барацьбы з тэрарызмам у Афганістане.

У памежных з Індыяй раёнах пакістанцы актыўна ставяць тысячы супроцьтанкавых мінаў, капаюць акопы і бункеры. Індыя са свайго боку расчышчае свае мінныя палі, каб даць праходы для танкаў.

Бальшыня ваенных аналітыкаў лічыць, што калі сапраўдная шырокамаштабная інда-пакістанская вайна пачнецца, яна наўрад ці доўгі час застанецца безьядзернай. Асабліва, калі адзін з бакоў захопіць значную частку чужой тэрыторыі, альбо атрымае выразную ваенную перамогу. Дарэчы, пакістанскія лідэры часта заяўлялі, што калі Індыя перакрочыць міжнародную мяжу, альбо пакістанская армія будзе на мяжы паразы, яны не завагаюцца ўжыць ядзерную зброю. Праўда, пакуль што падчас цяперашняга канфлікту ні індыйскі, ні пакістанскі лідэры не выступалі з пагрозай ядзернай вайны.


XS
SM
MD
LG