У арабскіх сродках масавай інфармацыі падзеі 11 верасьня далі перавагу памяркоўным галасам, якія звычайна перакрываюцца крыкамі радыкалаў. Яны супрацьстаялі звароту бін Лядэна да мусульманаў далучыцца да сьвятой вайны супраць ЗША і пераканаўча даказвалі, што мусульманская рэлігія ніколі не магла санкцыянаваць забойства невінаватых людзей.
Гэтаксама, як і хрысьціянства, ісьлям адчынены для шырокага дыяпазону інтэрпрэтацыяў. Доўгі час дыскутавалася, ці можна знайсьці ў Каране апраўданьне самагубчым тэрактам. Цяпер няма згоды ў пытаньні, ці гаворыць штосьці Каран пра правы жанчынаў. Няма адзінага адказу ў тэолягаў і на пытаньне, ці забараняе Каран банкам браць працэнты.
Размытая лінія падзелу паміж царквой і дзяржавай робіць тлумачэньне Карану ўсё больш цяжкім. Вучэньнем, заснаваным на Каране, сталі маніпуляваць палітычныя групы ці ўрады ў сваіх карысных мэтах.
Мадэрнізаваны ісьлям спрыяе адкрытасьці ў палітыцы і прагрэсу ў эканоміцы. Гэта патрабуе рэформаў, адказнасьць за якія кладзецца на ўлады рэгіёну. А яны ў бальшыні сваёй аўтакратычныя.
Некалькі арабскіх дзяржаваў сьведама падтрымалі ісьлямісцкую апазыцыю ў 1960-х і 1970-х гадох, каб зьвергнуць левых апанэнтаў. Пазьней яны маглі адначасна і змагацца, і падтрымліваць ісьлямістаў, прыстасоўваючыся да іхных ідэяў. Урады паслалі людзей на сьвятую вайну супраць Савецкага Саюзу ў Афганістане ў 1980-х. Але калі ваяры вярнуліся і выступілі супраць сваіх уладароў, яны сталі для іх небясьпечнымі, і іх трэба было зьнішчыць.
Пакінутыя на саміх сябе, арабскія рэжымы наўрад ці зробяць выбар на карысьць пераменаў. Захад можа зрабіць унёсак у стварэньне больш талеранцыйнага асяродзьдзя там шляхам фінансавай дапамогі, падтрымкай эканамічных і сацыяльных рэформаў.
Заходнія ўрады могуць таксама дапамагчы зьменшыць рэгіянальныя напружанасьці, асабліва ў ізраільска-палястынскім канфлікце. Спрэчка спрыяе радыкалізму і лёгка вытлумачаецца экстрэмістамі як сутыкненьне паміж ісьлямам і захадам.
Важна націснуць на блізкаўсходніх саюзьнікаў, каб тыя ажыцьцяўлялі ўнутраныя рэформы. Заходнія ж урады часам бязьдзейнічаюць. Яны былі побач, калі арабскія краіны, у тым ліку, блізкія саюзьнікі --Савудаўская Арабія і Эгіпет, злоўжывалі каштоўнасьцямі правоў чалавека. Захад толькі намінаў, што ён гэта не ўхваляе, калі ваенны рэжым у Алжыры адмяніў парлямэнцкія выбары ў 1991 годзе, каб ня даць перамагчы ісьлямісцкай партыі. Неразумнае падаўленьне і памяркоўных ісьлямістаў, і лібэральных інтэлектуалаў у Тунісе, Эгіпце і Сірыі справакавала міжнародную занепакоенасьць. І хоць гэтыя краіны залежаць ад заходняй эканамічнай і палітычнай падтрымкі, ніякага ціску не было зроблена на іх, каб яны памянялі курс.
Падзеі 11 верасьня выклікалі тэрміновую патрэбу падтрымкі памяркоўных галасоў у ісьляме. Арабскія ўрады і захад павінны выкарыстаць магчымасьць і распачаць працэс зьменаў, якія пойдуць на карысьць і мусульманскім, і заходнім грамадзтвам. Гэта – адзіны магчымы шлях да перамогі над радыкалізмам.