Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦЫ ЗГОДНЫЯ АДМОВІЦЦА АД ЧАСТКІ СВАІХ ПРАВОЎ ДЛЯ ПОСЬПЕХУ БАРАЦЬБЫ З ТЭРАРЫЗМАМ


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Новая парграма, якая мае на мэце сабраць больш інфармацыі пра тэрарыстычныя арганізацыі ды падрыхтоўку магчымых тэрактаў, абвешчана зараз Генэральным пракурорам ЗША Джонам Эшкрафтам. Прадстаўляючы новую ініцыятыву Джон Эшкрафт сказаў літаральна наступнае:

“Калі у вас ёсьць інфармацыя, якая можа дапамагчы прадухіліць тэрарыстычныя акты, альбо есьць інфармацыя, якая дапаможа затрымаць тэрырыстаў, – зьвяртайцеся у ФБР альбо у амэрыканскую амбасаду, калі вы за мяжою. У выніку за вашую інфармацыю вы атрымаеце візу, зможаце прыехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі, калі гэта неабходна, то вы атрымаеце і права на працу ў ЗША і ўсе неабходныя гарантыі, каб стаць грамадзянінам ЗША”.

Такім чынам легалізацыя ў ЗША стане галоўнаю ўзнагародаю тым, хто мае важную інфармацыю для пошукаў тэрарыстаў. Называецца новая праграма “Праграма адказнага супрацоўніцтва”. Забясьпечваць яе дзейнасьць будуць Служба Іміграцыі і натуралізацыі ЗША, усе належныя структуры Міністэрства юстыцыі і Генэральнай пракуратуры, а таксама адвакацкія канторы.

Тым часам Генэральны пракурор адмовіўся назваць колькасьць людзей, якія зараз знаходзяцца пад вартаю і дапрошваюцца на магчымыя сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі, ён толькі сказаў, што пакуль што 12 з затрыманых маюць сапраўды інфармацыю пра Ўсаму бін Лядэна ды Аль-Каіду. Згодна некаторай інфармацыя, арыштаванымі зараз у розных установах, асабліва у іміграцыйных турмах знаходзяцца больш за тысячу выхадцаў з мусульманскіх краінаў.

Сёньня па ўсёй краіне акружныя пракуроры ўжо атрымалі ад Генэральнай пракуратуры сьпісы, у якіх 5000 чалавек, жыхароў ЗША, выхадцаў з мусульманскіх краінаў, якія будуць у бліжэйшы час дапытаныя. У некаторых зь іх пратэрмінаваныя візы, некаторыя маюць амэрыканскія грын-карты – права на сталае жыхарства ў каріне. Галоўная мэта гэтай акцыі – таксама збор інфармацыі, якая магла б дапамагчы у вышуку тэрарыстаў ды прадухіленьні тэрарыстычных актаў. Тыя, хто ў сьпісах на апытаньні, – пераважна мужчыны ва ўзросьце ад 18-ці да 33-х гадоў.

Ужо сёньня амэрыканска-арабскія арганізацыі, праваабаронныя цэнтры ў ЗША заявілі, што гэтыя допыты ёсьць расавая і нацыянальная дыскрымінацыя, якую амэрыканскія ўлады праводзяць у дачыненьні да арабаў. З гэтай нагоды Генэральны пракурор Эшкрафт у розных зваротах праваабаронцаў у прэсе даволі жорстка крытыкуецца. Адказваючы на гэтую крытыку, ўчора прэзыдэнт Буш ухваліў дзейнасьць Эшкрафта і сказаў, што яго кіраўніцтва ідзе толькі на карысьць для Амэрыкі. Згодна сацыялягічных апытаньняў большасьць амэрыканцаў гатовыя часова ахвяраваць правамі чалавека дзеля забесьпячэньня бясьпекі і гарантыяў спакойнага жыцьця ў краіне.


XS
SM
MD
LG