Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАМ ПАТРЭБНЫЯ 5 ТЫСЯЧАЎ АЎТАМАТАЎ КАЛАШНІКАВА І 5 КІЛЯГРАМАЎ АЎСА ДЛЯ КОНЕЙ…”


Віталь Цыганкоў, Прага

Кожны дзень у Афганістане амэрыканскія камандас апазнаюць мішэні праціўніка за дзясяткі кілямэтраў, выкарыстоўваючы тэлескопы з лязерным дальнамерам. Праз спадарожнікавыя тэлефоны альбо пераносныя кампутары яны перадаюць каардынаты самалётам, што лётаюць на вышыні, недаступнай для супрацьпаветарнай абароны. Потым яны сядаюць на коней і скачуць да наступнага аб’екту.

Паветраная вайна ў Афганістане ўяўляе сабой дзіўную сумесь элемэнтаў Грамадзянскай вайны ў ЗША ў ХІХ стагодзьдзі і тэхналёгіяў з фантастычных фільмаў пра Зорныя войны. Аднак, больш чым калісьці, сьцярджаюць прадстаўнікі Пэнтагону, вайна даказала, што ў параўнаньні з вайной у Пэрсыдзкай затоцы і Косаўскай кампаніі 1999 году разьвіцьцё тэхналёгіі зрабіла магчымым наносіць удары па праціўніку з адносна бясьпечнай адлегласьці.

Кіраваная лязерам бомба, якая важыць амаль тону, апускаецца цяпер нашмат болей дакладна чым раней і можа быць скінутая з усё большай колькасьці тыпаў самалётаў. Прыборы нацэльваньня дазваляюць засекчы мішэнь на пазыцыі ворага больш дакладна. Беспілётныя самалёты забясьпечваюць відэёкарцінку мішэняў, каб аддаваць каманды цэнтру, што знаходзіцца за сотні кілямэтраў.

Паводле Пэнтагону, у выніку ўсяго гэтага надыходзіць больш “чыстая” вайна нават у параўнаньні з кампаніяй у Косаве, дзе быў зьбіты толькі адзін амэрыканскі самалёт. У Афганістане амэрыканскія пілёты амаль не лятаюць там, дзе іх можа дастаць супрацьпаветраная абарона праціўніка. Гэта таксама азначае менш цывільных ахвяраў – так прынамсі, сьцьвярджаюць у Пэнтагоне.

Тым ня менш ужо відавочна, што гэтая вайна скончыцца ў бітвах на зямлі, куды ўжо высадзіліся амэрыканская марская пехота і спэцыяльныя войскі. “Паветраныя ўдары адыгралі значную ролю,” – кажа Эндру Крэпіневіч, выканаўчы дырэктар Цэнтру стратэгічных ацэнак. – Але зараз праца больш складаная, бо панаваньне ў паветры – гэта цудоўна, калі казаць пра вялікія мішэні на адкрытых паверхнях. Але гэта ня тое, што мы можам убачыць у Афганістане,” – падкрэсьлівае аналітык. Сапраўды, Афганістан – гэта гарыстая мясцовасьць, насычаная пячорамі. Таму падчас кампаніі было каля 120 вылетаў, калі самалёты вярнуліся на свае базы, так і ня скінуўшы бомбы на праціўніка. “Няма выразных мішэняў,” – патлумачыў гэта адзін з ваенных прадстаўнікоў.

У цэлым Пэнтагон ацэньвае паветраную апэрацыю дастаткова пасьпяхова. Высокапастаўленыя ваенныя чыноўнікі тлумачаць гэты посьпех тымі ўрокамі, якія былі вынесеныя пасьля апэрацыі НАТО ў Югаславіі. Напрыклад, беспілётны выведвальны самалёт, які атрымаў назву “Драпежнік”, выкарыстоўваўся толькі эпізадычна пад канец апэрацыі ў Косаве. Але ў Афганістане некалькі такіх самалётаў ужываюцца ўвесь час, забясьпечваючы відэаматэрыялы нават уначы і ў воблачнае надвор’е. Але, магчыма, самае незвычайнае адрозьненьне ад Косава – гэта шырокае выкарыстаньне наземных карэкціроўшчыкаў агню, якія ня толькі разьмясьціліся каля аб’ектаў ворага, але таксама выкарыстоўваюць электронную пошту, каб дапамагаць сілам Паўночнага альянсу. “Яны пішуць, – распавядае адзін з чыноўнікаў Пэнтагону, – нам патрэбна 10 тысяч аўтаматаў Калашнікава, 5 тысячаў аўтаматаў М-16, 5 кіляграмаў аўса для коней, сядло, цуглі і цёмныя акуляры. Потым яны адкідваюць сваё высокатэхналягічнае абсталяваньне, сядаюць на коней, каб перадаць каардынаты для бамбавіка Бі-2. Такія вось крайнасьці вайны,” – зь іроніяй распавядае адзін з чыноўнікаў Пэнтагону ў газэце New York Times.

XS
SM
MD
LG