Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗРАІЛЬСКА-ПАЛЕСТЫНСКІ КАНФЛІКТ ПАЧЫНАЕ ЎПЛЫВАЦЬ НА ХОД АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АПЭРАЦЫІ Ў АФГАНІСТАНЕ


Мікола Іваноў, Прага

Дзяржаўны сакратар Колін Паўэл заявіў, што эскаляцыя баявых дзеяньняў паміж Ізраілем і палестынцамі ўскладняе задачу міжнароднай кааліцыі дзеля барацьбы з тэрарызмам. Ён, аднак, выказаў думку, што гэты фактар не зьяўляецца пагрозай для самой кааліцыі.

Шмат пытаньняў падчас слуханьняў у Камісіі замежных справаў Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу было прысьвечана абмеркаваньню заклікаў амэрыканскага ўраду да ізраільскіх уладаў праявіць стрыманасьць у дачыненьні да палестынцаў.

Апошняя эскаляцыя гвалтаў, выкліканая забойствам ізраільскага міністра Рахаема Зееві, здарылася ў складаны час. ЗША імкнуцца захаваць падтрымку для кааліцыі ў змаганьні супроць тэрарыстаў. У кааліцыю ўваходзяць і некаторыя ісьлямскія краіны, непрыхільныя да Ізраілю.

10 год таму падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы супроць Іраку ізраільскае кіраўніцтва, нягледзячы на інтэнсыўны абстрэл іракскімі ракетамі, палічыла за лепшае ня ўмешвацца ў канфлікт, у якім на баку кааліцыі былі шматлікія мусульманскія краіны.

І цяпер Колін Паўэл заклікае ізраільскі ўрад (таксама як і палестынцаў) выказаць падобную стрыманасць:

(Паўэл: ) “Я мяркую, што для Ясіра Арафата вельмі важна зрабіць усё магчымае, каб арыштаваць адказных за забойства і зьнізіць узровень гвалту да нуля альбо да мінімальна магчымага ўзроўню. І я мяркую, што для ізраільскага ўраду было б пажадана неадкладна вывесьці войскі з акупаваных вёсак і паспрабаваць не дазволіць, каб колькасьць гвалтаў павялічылася яшчэ больш, у параўнаньні з тым, што здарылася ў апошнія дні”.

Аднак ізраільскія ўлады сьцьвярджаюць, што ЗША пачалі баявыя дзеяньні супроць Афганістану, таму што талібы адмовіліся выдаць Усаму бін Лядэна. Таму і Ізраіль мае права ажыцьцяўляць падобныя дзеяньні супроць уладаў, якія адмаўляюцца выдаць тэрарыстаў-забойцаў ізраільскага міністра. Кангрэсмэн Том Лантос падчас слуханьняў заявіў на гэтую тэму наступнае:

(Лантос: ) “Я лічу, што гэта верх крывадушнасьці, калі прэсавы сакратар нашага Дзяржаўнага дэпартамэнту крытыкуе нашых дэмакратычных саюзьнікаў за дзеяньні, падобныя да тых, што мы самі ажыцьцяўляем”.

Дзяржаўны сакратар Колін Паўэл на гэта адказаў:

(Паўэл: ) “Ізраіль адказвае ў мэтах самаабароны. Але адначасна ён робіць гэта супроць асобаў і арганізацыяў, зm якімі імкнецца пачаць мірны працэс. Тут ёсmць розьніца ў параўнаньні з тым, што мы робім з Талібанам, Аль-Каідай і бін Лядэнам у Афганістане”.

У сваім выступе Колін Паўэл прыгадаў, што дзеяньні Ізраілю не павінны пагражаць існаваньню антытэрарыстычнай кааліцыі. Ён прыгадаў, што два тыдні таму 56 краінаў, сяброў Арагнізацыі ісьлямскіх дзяржаваў асудзілі атаку тэрарыстаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон.

Уолтэр Рассэл Мід, аналітык Нью-Ёркскага навукова-дасьледчага інстытуту міжнародных адносінаў таксама выказвае думку, што новы выбух гвалту на Блізкім Усходзе не павінен пагражаць цэласнасьці антытэрарыстычнай міжнароднай кааліцыі.

(Мід: ) “Галоўная прычына, чаму кааліцыя будзе трымацца разам, палягае ў тым, што Усама бін Лядэн і людзі вакол яго ўспрымаюцца як выразная пагроза нацыянальнай бясьпецы ня толькі ЗША, але і Савудаўскай Арабіі, Эгіпту і некаторым іншым краінам рэгіёну, а таксама і для краінаў ЭЗ”.

Аднак значэньне палестынска-ізраільскага канфлікту і апошняга выбуху гвалту на Блізкім Усходзе нельга недаацэньваць. Тым больш, што прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон сьцьвярджае, што ён надалей будзе праводзіць палітыку жорсткай самаабароны, якая можа прывесьці да яшчэ большай эскаляцыі гвалту. І вось тады пагроза для існаваньня кааліцыі можа быць цалкам рэальнай.

XS
SM
MD
LG