Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЯВІЛІСЯ ПЕРШЫЯ СЫГНАЛЫ САСТУПАК З БОКУ ТАЛІБАЎ


Радыё Свабода.

Учора дзяржсакратар ЗША Паўэл пабываў ў Ісьлямабадзе, а сёньня наведаў Нью-Дэлі, спрабуючы прадухіліць аднаўленьне канфлікту за спрэчны Кашмір. За падзеямі сочыць Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) “Інфармацыі шмат і таму трэба абмежавацца галоўным. Што тычыцца саміх ваенных дзеяньняў, дык сёньня ўсьлед за атакамі мінулай начы авіяцыя ЗША бамбавала аб’екты ў Кабуле і апорным пункце талібаў Кандагары. Ва ўсходняй частцы гэтага гораду, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Талібану, загарэліся цыстэрны з палівам. Прадстаўнік апазыцыйных сілаў, гэтак званага Паўночнага Альянсу, Махамад Хабіл паведаміў, што аб’ектамі налётаў былі таксама пазыцыі талібаў каля Шохі, 65 кілямэтраў ад Кабулу, і вакол стратэгічнай авіябазы ў Баграме. Паўночны Альянс паведамляе, што ягоныя сілы падыйшлі на адлегласьць 6-ці кілямэтраў ад Кабулу. Упершыню з часу пачатку ваннай апэрацыі, ЗША ўжылі штурмавыя самалёты ЭйСі-130, прызначаныя для нішчэньня наземных сілаў праціўніка. Згодна афганскаму агенцтву Бахтар, над Кандагарам зьявіліся таксама баявыя верталёты. На думку аглядальнікаў, гэта можа азначаць адно: хуткі пачатак наземнай аперацыі”.

(Караткевіч: ) “Афганскія крыніцы паведамляюць пра вялікую колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. Са свайго боку, міністар абароны ЗША Рамсфэльд запярэчвае гэтаму. Талібы цьвердзяць, што мінулае начы ў Кандагары бомба ўдарыла ў клініку і што чатыры пацыенты загінулі. Паводле дырэктара талібскага агенцтва Абдулы Хэмата, бомба трапіла таксама ў аўтобус з уцекачамі, у выніку чаго загінулі яшчэ 20 чалавек. Талібы напэўна перабольшваюць гэтыя лічбы, пры тым ў вядомых мэтах, але ўсё роўна, ідэю джыгаду могуць падхапіць шырокія колы грамадзтва…”

(Бандарук: ) “Калі сачыць за ходам падзеяў, дык гэта вельмі праўдападобна. Вось сёньня духоўны лідэр талібаў мула Амар паўторна заявіў: адбываецца “сьвятая вайна”. Але, – адзначыў ён, –талібы ўсё роўна паступова і цярпліва перамогуць “вялікага нявернага”, гэта значыць Злучаныя Штаты. Напэўна, улічваючы настроі сярод звыш мільярда мусульманаў ва ўсім сьвеце, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш чарговы раз падкрэсьліў:

(Буш: ) “Мы не ваюем з рэлігіяй. Мы ваюем са злом. Мы паважаем мусульманскую культуру. Мы паважаем ісьлям як рэлігію, якая вучыць любові, міру і спагадзе”.

Тое, што сказаў Джордж Буш, трэба падкрэсьліваць бясконца, бо настроі ў мусульманскім сьвеце сапраўды радыкалізуюцца”.

(Караткевіч: ) “Тым болей, што памылковыя ўдары па цывільных аб’ектах заўсёды магчымыя. Напрыклад, учора амэрыканскія самалёты збамбавалі сядзібу Чырвонага Крыжы ў Кабуле”.

(Бандарук: ) “На жаль – так. Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў гэты факт і, зразумела, выказаў глыбокае шкадаваньне. Бомба вагою 450 кіляграмаў ўпала на харчовыя склады гэтай арганізацыі, параніўшы аднаго з ахоўнікаў. Гэта прыкры інцыдэнт. Асабліва прыкры ў сьвятле гуманітарнай трагедыі афганскага насельніцтва. Нагадаю, што раней прэзыдэнт Буш заклікаў нават кожнае амэрыканскае дзіця ахвяраваць па адным даляры афганскім дзецям. Гэта гуманны і прыемны жэст, але гэта не здыме праблему. Разам з надыходам зімы, літаральна мільёнам афганцаў пагражае галодная сьмерць. У такой сытуацыі, збамбаваньне харчовых складаў Чырвонага Крыжы надзвычай няўдачнае. З другога боку, на вайне такое проста непазьбежнае”.

(Караткевіч: ) “У асноўным, незважаючы на падобныя інцыдэнты, ваенная аперацыя праходзіць згодна пляну. Стратэгічныя аб’екты талібаў зьнішчаныя, умацоўваецца і набліжаецца да сталіцы Паўночны альянс. Але ж вядома, што Злучаныя Штаты ня хочуць, каб апазыцыйныя сілы занялі Кабул”.

(Бандарук: ) “Хочуць, але не заўчасна. Калі апазыцыйныя сілы ўвойдуць ў Кабул, гэта роўназначна захопу ўлады ў краіне. У шэрагах Паўночнага альянсу пераважаюць этнічныя таджыкі і ўзбэкі. Захоп сталіцы напэўна не спадабаўся б ваяўнічым пуштунам. Яны складаюць большасьць насельніцтва краіны. Зараз ня ўсе пуштуны падтрымоўваюць талібаў, але ў выпадку перамогі таджыкаў і ўзбэкаў, яны як адзін згуртаваліся б вакол талібаў, а бязь іх немагчыма стварыць ўрад нацыянальнага адзінства. Дзеля гэтага Вашынгтон вядзе перамовы нават з былым каралём Захір Шахам. Яму 87 гадоў, ён жыве ў Рыме, спадзявацца на ягонае кіраваньне цяжка, але ён таксама пуштун і карыстаецца значным аўтарытэтам у краіне. Злучаныя Штаты падтрымоўваюць грашыма і зброяй Паўночны альянс, але ня хочуць, каб сваімі заўчаснымі посьпехамі апазыцыя папсавала далёкасяжны палітычны плян Вашынгтону. Вось таму амэрыканскія бамбавікі абмінаюць пазыцыі талібаў на лініі фронту. Інакш кажучы, ЗША паўстрымоўваюць саюзьніка, бо хочуць замяніць цяперашні рэжым талібаў менавіта кааліцыйным ўрадам з ўдзелам ўсіх асноўных нацыянальнасьцяў і палітычных сілаў”.

(Караткевіч: ) “Калі ўсе, дык значыць і талібы?”

(Бандарук: ) “Так, уключна з талібамі, але памяркоўнымі. На гэтым настойвае перш за ўсё прэзыдэнт Пакістану Мушараф. Як вядома, дагэтуль, Ісьлямабад традыцыйна падтрымліваў талібаў. Ён бачыў у іх гарантыю стабільнасьці. Затое Пакістан заўсёды дрэнна ставіўся да караля Захіра Шаха, бо пры ім двухбаковыя адносіны былі даволі напружанымі. Зараз, і ЗША і Пакістан зьмякчылі свае пазыцыі. “Новы ўрад Афганістану павінен быць шматэтнічны. Усе маюць шанец адыграць сваю ролю: і былы кароль, і памяркоўныя лідэры талібаў, і частка Паўночнага альянсу, і старэйшыны плямёнаў, і афганцы ў эміграцыі,” – заявіў прэзыдэнт Пакістану пасьля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША. Колін Паўэл пагадзіўся з Мушарафам. “Паняцьце “Талібан” тычыцца цяперашняга рэжыму, але азначае таксама групу людзей. Пасьля адхіленьня рэжыму ад ўлады застануцца тыя, чые погляды і навучаньне далей будуць вельмі важныя,” – сказаў Паўэл. Сёньня, выступаючы ў Нью-Дэлі пасьля сустрэчы са сваім індыйскім калегам Джасвантам Сінгам, Паўэл сказаў:

(Паўэл: ) “Толькі пасьля таго, як талібы будуць адхіленыя ад ўлады, у Афганістане можа зьявіцца ўрад ў складзе усіх частак грамадзтва, урад, які прынясе заканчэньне баёў, гармонію з суседзямі, які прыступіць да адбудовы краіны і прыме назад уцекачоў”.

Такім чынам, са слоў дзяржсакратара ЗША бачна, што у пытаньні будучыні талібаў маем дачыненьне з клясычным кампрамісам. Хаця, варта адзначыць, што, напрыклад ,Расея супраць удзелу талібаў ў будучым ўрадзе. Аб гэтым заявіў сёньня намесьнік міністра замежных справаў Расеі Аляксандар Ласюкоў.

(Караткевіч: ) “Кастусь, на заканчэньне хачу закрануць яшчэ адно пытаньне. У сродках масавай інфармацыі зьявілася даволі сэнсацыйная інфармацыя аб тым, што талібы саступаюць, што яны нібыта гатовыя выдаць бін Лядэна нават бяз доказаў ягонай віны?..”

(Бандарук: ) “Так, хаця гэта неправераная інфармацыя. У кожным разе, паводле брытанскай газэты The Guardian, з такой прапановай выступіў кіраўнік талібанскай дыпляматыі Вакіль Ахмэд Мутавакіль. Ён неспадзявана сустрэўся ў Ісьлямабадзе з прадстаўнікамі ЦРУ і пакістанскай выведкі. Мутавакіль сказаў, што талібы гатовыя выдаць бін Лядэна толькі пад адной ўмовай, што амэрыканцы спыняць бамбаваньне Афганістану. Аднак, паводле The Guardian, ЗША адкінулі прапанову талібаў, бо лічаць, што ў іхных шэрагах хутка і так наступіць раскол”.

XS
SM
MD
LG