(Тарас: ) “Віктар, ці адбыліся за апошнія суткі нейкія зьмены на фронце паміж Паўночным альянсам і талібамі?”
(Дзятліковіч: ) “Сёньня найбольшую актыўнасьць праяўлялі войскі Талібану, і гэта ня дзіўна, паколькі за апошнія два тыдні яны падцягнулі ў паўночныя правінцыі да 20 тысяч байцоў. І сёньня ўжо другі дзень запар яны вядуць актыўны наступ у правінцыі Капісог – гэта каля 40 кілямэтраў ад Паншэру, галоўнай базы сілаў Паўночнага альянсу. Пакуль што наступ талібаў беспасьпяховы, але ўжо ёсьць ахвяры. Прыкладна гадзіну таму мы вярнуліся з зоны баявых дзеяньняў, дзе былі ў вайсковым шпіталі. Нам сказалі, што за апошнія два дні прывезьлі каля 50 параненых. Прычым, большасьць зь іх – мірныя жыхары. Я налічыў прыкладна 10 дзяцей 5-6 год – усе яны патрапілі пад удары авіяцыі талібаў. Калі мы знаходзіліся ў тым горадзе, то чулі, як адзін з самалётаў набліжаўся да гораду і як яго спрабавалі зьбіць зэнітнымі ўстаноўкамі. На жаль, гэта не атрымалася, і той самалёт, як мне паведамілі, скінуў свае бомбы ў некалькіх кілямэтрах ад гораду.
Войскі Паўночнага альянсу таксама праводзяць наступ на іншых участках фронту. Паведамляецца, што, напрыклад, у правінцыі Тахор паўночнікі адбылі некалькі паселішчаў, але мушу сказаць. Што ўсе гэтыя дзеяньні носяць лякальны характар, і ўсе чакаюць, што той ці іншы бок пяройдзе ў маштабны наступ. У абодвух бакоў ёсьць для гэтага сілы, але ніхто ня ведае, хто пачне першы”.
(Тарас: ) “Неўзабаве ва Ўзбэкістан прыбудзе міністар абароны ЗША Рамсфэльд. Як ацэньваюць у Паўночным альянсе палітыку Масквы і Вашынгтону і каардынацыю паміж імі?”
(Дзятліковіч: ) “Паўночны альянс заўжды добра ставіўся да Расеі. Яна дапамагала яму, хоць і ня ў тых маштабах, як ім гэта было трэба. А зараз і да ЗША ставяцца тут добра, бо зь імі вядуцца перамовы пра пастаўкі зброі”.