Спадара Вінкельмана зьменіць спадар Вільгельм Фрык. Прадстаўнікі нямецкіх колаў, якія актыўна супрацоўнічаюць зь Беларусьсю, ужо мелі шэраг сустрэчаў са спадаром Фрыкам і выказаліся наступным чынам: "Гэта вельмі ангажаваны дыплямат".
Паводле словаў аднаго з аналітыкаў, "гэты чалавек больш чым "перапоўнены" інфармацыяй пра беларускую сытуацыю". Вельмі важны момант, на які зьвяртаюць увагу нямецкія палітолягі: за плячыма Вільгельма Фрыка — досьвед працы ў краінах Усходняй Эўропы, а гэта значыць "дакладнае веданьне сацыялістычных мэханізмаў", вельмі неабходнае ў сучасных беларускіх умовах.
Вільгельм Фрык нарадзіўся ў 1939-м годзе ў заходняй частцы Нямеччыны, атрымаў адукацыю юрыста. Фрык зьяўляецца кар'ерным дыпляматам — доўгі час працаваў у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны, па тры гады ў амбасадах Нямеччыны, Румыніі і Польшчы, валодае румынскай і польскай мовамі.
Цяперашняе прызначэньне на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла — самы высокі пункт у ягонай кар'еры. Адначасова гэта таксама і апошняе прызначэньне. Праз тры гады спадару Фрыку будзе 65 гадоў — пэнсійны, паводле нямецкіх законаў век, і ягоная дзяржаўная служба аўтаматычна будзе спыненая.
Нямецкія аналітыкі, якія апошнім часам гутарылі зь Вільгельмам Фрыкам, сьведчаць, што новы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі дэманструе сваю поўную пераемнасьць папярэдняй замежнапалітычнай лініі. Гэта ўмацаваньне добрасуседзкіх сувязяў, зыходзячы з умоваў рэальнай палітычнай сытуацыі.
Некаторыя нямецкія аналітыкі называюць Фрыка асобай, блізкай да іншага нямецкага палітыка — Віка. Хаця, у свой час, тое ж самае казалі пра Хорста Вінкельмана. Паводле некаторых іншых дасьведчаных нямецкіх крыніцаў, апошнім часам нямецка-беларускія стасункі атрымалі пэўнае разьвіцьцё менавіта "дзякуючы" Віку. У розных колах яго ўспрымалі больш як нямецкага дыплямата, чым прадстаўніка АБСЭ. Асоба Віка дамінавала, і на гэтым тле актыўнасьць нямецкай амбасады выглядала слабейшай. Як у гэтым зьвязку праявіць сябе спадар Фрык — пытаньне, якое задаюць зараз многія нямецкія аналітыкі.