Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛІБЫ АДМОВІЛІСЯ ВЫДАЦЬ УСАМУ БІН ЛАДЭНА


Кастусь Бандарук, Прага

Афганскія талібы адзначылі, што іхная пазыцыя ў пытаньні бін Ладэна не зьмянілася. Яны ня выдадуць яго нікому і ня вышлюць з краіны, тым болей бяз доказаў ягонай віны. На прэс-канфэрэнцыі ў Ісламабадзе, амбасадар руху талібаў ў Пакістане Абдул Салем Заіф сказаў, што Талібан гатовы выдаць Усаму бін Ладэна суду толькі ў выпадку, калі Злучаныя Штаты маюць неаспрэчныя доказы таго, што за тэрактамі супраць Злучаных Штатаў стаяў менавіта ён. Заіф прамаўляў па арабску, затое ягоны намесьнік Согаіл Шагін выклаў пазыцыю талібаў па-ангельску наступным чынам:

(Шагін: ) “Калі Амэрыка мае пацьверджаньні і доказы ягонай віны, яна павінна прад’явіць іх, і ў сьвятле гэтых доказаў мы гатовыя да суду над Усамам бін Ладэнам. Афганскія духоўныя лідэры – улемы, патрабауюць, каб ААН і Арганізацыя Ісламская Канфэрэнцыя правялі нэўтральнае дакладнае сьледзтва для ўстанаўленьня фактаў, каб прадухіліць несправядлівы перасьлед нявінных людзей".

Адначасова амбасадар Талібаў Абдул Заіф больш увагі прысьвяціў наступствам магчымых атакаў з боку ЗША. Заіф адзначыў, што ягоны ўрад гатовы абараніць краіну перад атакай супраць яе. Амбасадар талібаў працытаваў Кур’ан у якім гаворыцца, што “мусіць быць пралітая кроў” кожнага, хто дапамагаў альбо спачуваў правядзеньню гэткіх атакаў. Як заявіў ягоны памочнік Шагін:

(Шагін: ) “У адпаведнасьці з нашым веравучэньнем, калі няверныя нападуць на тэрыторыю ісламскай краіны, сьвятая вайна – джыхад, становіцца абавязкам мусульманаў гэтай краіны. Калі ісламская краіна сама ня ўстане абараніцца, джыхад становіцца абавязкам усіх мусульманаў. Калі у часе амэрыканскай атакі афганцы і неафганцы будуць супрацоўнічаць зь нявернымі, дапамагаць і праводзіць шпіянаж у іхную карысьць, яны будуць лічыцца замежнымі агрэсарамі і зьнішчэньне іх будзе абавязкам”.

Дагэтуль афганскія талібы абумовілі выдачу Ўсамы бін Ладэна мноствам непрымальных для ЗША ўмоваў. Яны патрабуюць найперш міжнароднага прызнаньня іхнага ўраду і скасаваньня міжнародных санкцыяў. Яны спасылаюцца на сьвяты ў ісляме закон гасьціннасьці. Учора талібаў падтрымалі і афганскія духоўныя лідэры – улемы, якія адмыслова прыбылі ў Кабул з усёй краіны для вырашэньня лёсу Ўсамы бін Ладэна. Яны рэкамэндавалі талібам папрасіць бін Ладэна добраахвотна пакінуць Афганістан.


XS
SM
MD
LG