Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭНСІЎНАЯ ПАДРЫХТОЎКА ЗША ДА ВАЕННАГА ЎДАРУ ПА ТЭРАРЫСТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Падрыхтаваў Сяргей Шупа, Прага

Прэзыдэнт Джордж Буш і Дзяржаўны Сакратар Колін Паўэл праводзяць інтэнсіўныя кансультацыі з кіраўнікамі розных краінаў сьвету ў спробе стварыць глябальную коаліцыю супраць міжнароднага тэрарызму.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы паведамляюць, што Міністэрства Абароны Злучаных Штатаў распарадзілася выслаць больш за 100 баявых самалётаў у рэгіён Пэрсыдзкай затокі для ўдзелу ў магчымай ваеннай акцыі супраць тэрарыстаў ды іхных памагатых.

Высылка баявых самалётаў разглядаецца як важнае сьведчаньне падрыхтоўкі да адплаты за тэрарыстычныя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон, учыненыя на мінулым тыдні. Афіцыйныя асобы, якія пажадалі застацца неназванымі, сказалі ў сераду, што самалёты, улучна са зьнішчальнікамі і бамбавікамі, у найбліжэйшым часе вылецяць у рэгіён. Гэтае разгортваньне вайсковых сілаў атрымала ўмоўны назоў «Апэрацыя Бясконцае Правасудзьдзе».

Белы Дом адмовіўся камэнтаваць паведамленьне пра загад аб разгортваньні авіяцыі. Намесьнік міністра абароны Пол Вулфавіц зазначыў толькі тое, што «адбываецца пэўны рух і гэты рух будзе працягвацца».

Злучаныя Штаты ўжо маюць у рэгіёне велізарную вайсковую прысутнасьць, якая ўлучае базы ў Саудаўскай Арабіі, Кувэйце, Бахрэйне і Турцыі, а таксама авіяносьбіты і караблі падтрымкі ў моры. Авіяносьбіты з самалётамі на сваіх гіганцкіх палубах служаць плывучымі вайсковымі базамі для нанясеньня ўдараў.

Асобна ад высылкі ў Затоку баявых самалётаў, авіяносьбіт «Тэадор Рузвэлт» разам з караблямі і субмарынамі, што ўваходзяць у яго баявую групу, пакінуў учора порт прыпіскі Норфалк у штаце Вірджынія і распачне шасьцімесячнае баявое дзяжурства ў Міжземным моры.

Амэрыканскі флёт ужо мае адну баявую групу ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі і яшчэ адну – далей на поўдні ў Арабійскім моры.

Працягваючы спробы стварэньня міжнароднай коаліцыі, прэзыдэнт Джордж Буш сустрэўся ў сераду з прэзыдэнтам Інданэзіі Мэгаваці Сукарнапутры. Буш між іншага сказаў:

(Буш: ) «Мы хочам, каб кожная краіна зразумела, што мы плянуем кампанію супраць тэрарыстычнай дзейнасьці, сусьветную кампанію. І мы атрымваем шырокую падтрымку гэтай кампаніі. Міралюбныя людзі разумеюць, што тэрарызм ня ведае межаў, што тэрарысты будуць наносіць удары, каб пасеяць страх, паспрабаваць зьмяніць паводзіны свабодалюбных краінаў. І мы не дазволім ім гэтага зрабіць».

Міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў падчас візыту ў Злучаныя Штаты сустрэўся зь дзяржаўным сакратаром Колінам Паўэлам і заявіў пасьля сустрэчы, што не выключаецца прымяненьне любых сродкаў – улучна з ваеннымі дзеяньнямі. Іваноў і Паўэл аднак зазначылі, што яны канкрэтна не абмяркоўвалі магчымыя ваенныя акцыі. Пасьля сустрэчы Паўэл сказаў:

(Паўэл: ) «Мы плённа абмеркавалі магчымыя зоны супрацоўніцтва. Стоячы перад сусьветнай пагрозай цывілізацыі, мы мусім правесьці шырокую кампанію з ужываньнем усіх элемэнтаў нацыянальнай і міжнароднай улады – праваахоўных ворганаў, ваенных дзеяньняў, юрыдычных дзеяньняў, фінансавых акцыяў – усяго, што можа дапамагчы дабрацца да гэтых тэрарыстычных арганізацыяў; перадусім – да «Аль-Кайды» і Усамы бін Ладэна, а ў выніку – да тэрарызму наагул, дзе б ён ні хаваў свой агідны твар».

Народжаны ў Саудаўскай Арабіі бін Ладэн, які падазраецца ў арганізацыі тэрарыстычных нападаў мінулага тыдня і кіруе падпольнай арганізацыяй «Аль-Кайда», жыве цяпер у Афганістане пад аховай руху Талібан. Злучаныя Штаты папрасілі Талібан выдаць ім бін Ладэна і папярэдзілі, што ў адваротным выпадку па Афганістане будзе нанесены ваенны ўдар.

Міністар Іваноў сказаў журналістам перад сустрэчай з Бушам:

(Іваноў: ) «Я сказаў, што ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам нельга выключаць ніякіх сродкаў, улучна з ужыцьцём сілы... Разам з тым, мы пакуль што не абмяркоўвалі са Злучанымі Штатамі ніякіх канкрэтных акцыяў».

Тым часам у Пакістане прэзыдэнт гэтай краіны Пэрвэз Мушараф надалей спрабуе пераканаць пакістанцаў у тым, што вайна супраць тэрарызму не скіраваная супраць Ісьляму. У тым самым часе як Мушараф абяцаў Злучаным Штатам сваю дапамогу, у ягонай краіне апошнімі днямі адбываліся антыамэрыканскія дэманстрацыі пасьля таго, як Джордж Буш выступіў з жорсткімі выказваньні на адрас бін Ладэна.

Прэзыдэнт Буш паведаміў, што ўвечары ў чацьвер ён выступіць са зваротам да ўдзельнікаў супольнага паседжаньня амэрыканскага кангрэсу і да ўсяго амэрыканскага народу. Дараднікі прэзыдэнта паведамляюць, што Буш не абвесьціць пачатак ваеннай акцыі, а выступіць з агульнымі развагамі наконт тэрарызму.


XS
SM
MD
LG