Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГЕНУІ АДБЫЛІСЯ СУТЫЧКІ АНТЫГЛЯБАЛІСТАЎ І ПАЛІЦЫІ


Сяргей Навумчык, Прага

Спачатку – пра мэты сустрэчы. Гэта – праблемы бяднейшых краінаў, іхні доступ да дасягненьняў цывілізацыі (у тым ліку і Інтэрнэту), пытаньні глабальнага гандлю і, зразумела, усталяваньня міру ў “гарачых кропках”.

Перад тым, як прыбыць у Геную, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш наведаў Вялікабрытанію, дзе меў сустрэчу з каралевай Елізаветай Другой і перамовы з прэм’ерам Тоні Блэрам.

Аналітыкі адзначаюць, што перамовы з Блэрам былі вельмі істотныя для Буша менавіта таму, што да гэтага часу эўрапейскія лідэры не падзяляюць імкненьне амэрыканскага прэзыдэнта адклікаць подпіс з-пад Кіёцкага пагадненьня ў справе барацьбы з глябальным пацяпленьнем. Не дамагліся ЗША і падтрымкі плянаў разгортваньня нацыянальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Пры гэтым Вялікабрытанія значна больш ляяльна ставіцца да пазыцыі ЗША ў гэтым пытаньні, чым астатнія эўрапейскія краіны.

Дарэчы, хаця Амэрыку крытыкуюць за адмову ад Кіёцкага пагадненьня, але з усіх эўрапейскіх краінаў пакуль яго ратыфікавала толькі Румынія. Выкананьне гэтага пагадненьня запатрабуе вялізных фінансавых выдаткаў.

Назіральнікі лічаць, што насамрэч пазыцыя Буша выгодная для эўрапэйскіх лідэраў, паколькі ён “адцягвае на сябе” незадаволенасьць эколягаў.

Пакідаючы сёньня Лёндан, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў журналістам:

(Буш: ) “Я адбываю ў Геную, дзе “вялікая сямёрка” і “вялікая васьмёрка” сустрэнуцца, каб абмеркаваць, як пашырыць сусьветны росквіт. Але напачатку кожная з нашых краінаў павінна ўпэўніцца, што нашыя ўласныя эканомікі ў парадку”.

Вызначэньні, якія ўжыў амэрыканскі прэзыдэнт адносна колькасьці ўдзельнікаў саміту, падтрабуюць пэўнага тлумачэньня. Расейская прэса сёньня падае саміт менавіта як сустрэчу “вялікай васьмёркі”, зазначаючы, што Расея далучаная да ліку вядучых краінаў сьвету нароўні з ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Нямеччынай, Італіяй і Японіяй.

Заходняя прэса піша менавіта пра “сямёрку”, не далучаючы сюды Расею. Прэзыдэнт Пуцін (як раней Ельцын) сапраўды бярэ ўдзел у саміце. Але, традыцыйна, першы дзень сустрэча адбываецца без расейскага кіраўніка – і менавіта на ёй абмяркоўваюцца найбольш істотныя і фінансавыя праблемы.

Прэзыдэнт Расеі далучаецца толькі пры абмеркаваньні палітычных і гуманітарных пытаньняў. Верагодна, гэта і меў на ўвазе Буш, калі адначасна ўжыў тэрміны “сямёрка” і “васьмёрка”. Ягоная пазыцыя датычна Расеі выглядае больш талерантнай, чым стаўленьне некаторых амэрыканскіх сэнатараў, якія навогул настойваюць на няўдзеле Расеі ў такіх самітах.

Пакідаючы Лёндан, Джордж Буш заклікаў праціўнікаў глябалізацыі не перашкаджаць перамовам у Генуі.

Заклік аднак, ня быў пачуты.

Яшчэ учора, як адзначае сёняшняя New York Times, лідэры радыкальных групаў, што сабраліся ў Генуі, абвясьцілі, што маюць намер прабіць “чырвоную зону”, якая створаная для бясьпекі сусьветных лідараў. “Як і ўсе “чырвоныя зоны”, якія абмяжоўваюць нашае жыцьцё” – дадалі антыглябалісты.

New York Times нагадвае, што першая дэманстрацыя антыглябалістаў адбылася два гады таму ў Сіэтле.

Летась яны пратэставалі ў Празе, пакінуўшы пасьля сябе разьбітыя вітрыны банкаў, рэстаранаў, офісаў – усяго таго, што яны лічаць выявай “капіталізацыі”.

Цяпер ў Анконе, на Адрыятычным ўзьбярэжжы Італіі, блякавала паўтары сотні маладых грэкаў, якія мелі намер прыбыць у Геную. У самім горадзе прынятыя надзвычайныя меры бясьпекі – нягледзячы на ўсе перасьцярогі, чакаецца, што ў акцыях пратэсту возьмуць удзел ня менш як дзесяць тысячаў антыглябалістаў.

Сёньняшні дзень у Генуі прачаўся з сутыкненьняў дэманстрантаў з паліцыянтамі – больш як дзве сотні чалавек, узброеных бейсбольнымі бітамі, разьбівалі шкло ў вокнах, падпальвалі сьметніцы, пераварочвалі аўтамабілі і спрабавалі прарваць кардоны паліцыі ў двух кілямэтрах ад месца, дзе павінен распачацца саміт сусьветных лідэраў.
XS
SM
MD
LG