Запісы былі прадастаўленыя радыё ананімнай крыніцай. Пастанова суду ў гэтай справе мела важнае значэньне ня толькі для лёсу канкрэтных радыёжурналістаў, але і для свабоды слова ў прынцыпе.
Вярхоўны Суд ЗША пастанавіў, што журналісты ня мусяць несьці пакараньня за трансляцыю альбо публікацыю важнай для грамадзтва інфармацыі нават у выпадку, калі яна была атрыманая незконным шляхам.
Камэнтуючы рашэньне суду, прафэсар права з Вашынгтонскага Ўнівэрыстэту Джон Уотсан сказаў у інтэрвію Радыё Свабода:
“Я думаю, гэта вялікая перамога для журналістыкі, прынамсі, у юрыдычным сэнсе.”
Вярхоўны Суд ЗША ёсьць вышэйшай судовай інстанцыяй у краіне. Яму, сярод іншага, дадзена права вырашаць пытаньні, якія вымагаюць тлумачэньня Канстытуцыі. У дадзеным выпадку суд пастанавіў, што першая папраўка да Канстытуцыі – аб свабодзе прэсы – мае прыярытэтнае значэньне ў параўнаньні зь правам асобы на бясьпеку прыватнага жыцьця. Гэтае права замацаванае чацьвертай папраўкай да амэрыканскай Канстытуцыі.
У дадзеным выпадку радыёстанцыі ў штаце Пэнсільванія атрымалі аўдыёзапісы перамоваў праз сотавую тэлефонную сувязь двух прадстаўнікоў прафсаюзу настаўнікаў са школьнай радай у справе падвышэньня зарплаты.
Прафсаюзныя дзеячы падалі ў суд на журналістаў. Акрамя іншага, яны былі абвінавачаныя ў парушэньні законаў штату і ЗША аб забароне сакрэтных запісаў тэлефонных размоваў.
Журналісты са свайго боку даводзілі, што яны не рабілі ніякіх запісаў, і тым самым не парушылі ніякіх законаў. Акрамя таго, яны аргумэнтавалі сваю пазыцыю тым, што прафсаюзныя актывісты – публічныя асобы, і іхныя размовы закраналі тэму, важную для ўсіх жыхароў рэгіёну, бо яна тычылася магчымага страйку настаўнікаў.
Прэзыдэнт нацыянальнага Камітэту рэпартэраў за свабоду прэсы сказала ў інтэрвію Радыё Свабода наконт рашэньня судзьдзяў у Вашынгтоне:
“Яны прызналі той факт, што неабходна паведамляць аб справах, якія маюць грамадзкае значаньне, нават калі гэта пэўным чынам закранае чыёсьці прыватнае жыцьцё”.