Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАІСЛАЎ КАШТУНІЦА ЗАКЛІКАЕ ЗАХАД ДА ЦЯРПЛІВАСЬЦІ


Юры Дракахруст, Прага


Сёньня прэзыдэнт Югаславіі сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Колінам Паўэлам і памочнікам прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандалізай Райс. Хаця адносіны паміж Югаславіяй і ЗША палепшыліся пасьля прыходу да ўлады Каштуніцы, Бялград і Вашынгтон пакуль не прыйшлі да згоды ў пытаньні выдачы міжнароднаму трыбуналу былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча.

Ваіслаў Каштуніца прыехаў у Амэрыку на запрашэньне прыватнага дасьледчага цэнтру “Усход-Захад”, які прысудзіў прэзыдэнту Югаславіі сваю ўзнагароду “Дзяржаўны дзеяч году”. Ініцыятыва прыватнай інстытуцыі стала вельмі дарэчы: і Бялград, і Вашынгтон адчуваюць пільную неабходнасьць у пашырэньні дыялёгу, але іх дагэтуль падзяляюць істотныя супярэчнасьці.

Югаслаўскі лідэр ускладае на ЗША адказнасьць за апэрацыю НАТО ў Югаславіі ў 1999 годзе, Амэрыка жорстка дамагаецца ад Югаславіі поўнага супрацоўніцтва зь міжнародным трыбуналам, у прыватнасьці, выдачы ў Гаагу былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча. Неафіцыйнае запрашэньне дазваляе бакам ўступіць у дыялёг на вышэйшым узроўні, не губляючы твару.

Падчас свайго візыту прэзыдэнт Югаславіі паўтарыў ранейшую пазыцыю афіцыйнага Бялграду датычна выдачы Мілошавіча міжнароднаму трыбуналу.

(Каштуніца): “Мы маем цьвёрды намер выконваць нашыя міжнародныя абавязкі, у тым ліку і адносна супрацоўніцтва зь міжнародным трыбуналам, але нам неабходна стварыць юрыдычныя ўмовы для гэтага супрацоўніцтва”.

Пакуль югаслаўскае заканадаўства не прадугледжвае выдачы грамадзянаў краіны замежным судам. Адпаведны закон пра супрацоўніцтва зь міжнародным трыбуналам распрацоўваецца ў югаслаўскім парлямэнце. Новым момантам можна лічыць заяву Каштуніцы, зробленую ў Ню-Ёрку, што ён асабіста будзе спрыяць прыняцьцю гэтага закону. Разам з тым ён заклікаў заходнія краіны праяўляць цярпеньне і ня ціснуць на Бялград.

У дзень, калі Ваіслаў Каштуніца пачаў свой візыт ў ЗША, Югаславіі быў вернуты статус сябра Ўсясьветнага банку. Экспэртамі банку распрацаваны плян, у адпаведнасьці зь якім Югаславія на працягу трох гадоў атрымае крэдыты ў памеры 540 мільёнаў даляраў.

Пад час візыту прэзыдэнта Югаславіі ў ЗША ён сустрэўся з генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам. Як паведамляе New York Times галоўным пытаньнем сваіх перамоваў з Ананам Каштуніца назваў становішча сэрбскай меньшасьці ў Косаве, якое заходзіцца пад кантролем адміністрацыі ААН.

Гэзэта Christian Science Monitor адзначае, што югаслаўскі прэзыдэнт сутыкаецца з надзвычай цяжкімі праблемамі, сярод якіх сытуацыя ў Косаве, памкненьні Чарнагорыі да незалежнасьці, эканамічны заняпад, спадчына карупцыі, зрошчанай з арганізаванай злачыннасьцю. Газэта паведамляе, што паліцыя Югаславіі вядзе справы 240 чыноўнікаў, якіх падазраюць у злоўжываньнях. Але, нягледзячы на цяжкія праблемы, аўтарытэт прэзыдэнта застаецца надзвычай высокім – яго дзейнасьць ухваляе больш за 70% насельніцтва.

XS
SM
MD
LG