Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧУР СТРАШНЕЙШЫ ЗА ШАЛЕНСТВА


Вольга Караткевіч, Прага


Камісія Эўразьвязу прапануе больш маштабную бойню жывёлаў, аднак супраць гэтага выступаюць некаторыя краіны – сябры Эўразьвязу. Эўрапейскія фэрмэры прагназуюць надыход фінансавага крызісу, забарона на экспарт у краіны Эўрапейскага Зьвязу мяса і быдла зь Вялікай Брытаніі працягнутая на тыдзень.
Пра гэта паведаміў сёньня сябра кіраўніцтва Эўразьвязу Дэвід Бірн. Прычына – выпадкі захворваньня брытанскай жывёлы на яшчура.

Пакуль Эўропа перажывае наступствы эпідэміі каровінага шаленства – сындром Кройцвэльда-Якабса, паўстае новая пагроза - у Вялікай Брытаніі зафіксаваныя выпадкі яшчура ў 12-ці раёнах.

Брытанскія ўлады заклікаюць насельніцтва не наведваць фэрмы і паркі, каб не распаўсюджваць заразы. Ня выключана, што будуць забароненыя шпацыры ў сельскіх раёнах. Яшчур пераносіцца паветрам, на вопратцы і на аўтамабільных покрыўках.

Эўропа хутка зрэагавала на паведамленьне пра наступ эпідэміі:

Нідэрлянды – забіта 4300 жывёлаў, рынкі продажу мяса хатняй жывёлы закрытыя.

Бэльгія – рынкі закрытыя.

Нямеччына – пачаўся ўбой жывёлы ў зямлі Паўночны-Рэйн Вэстфалія, на некалькіх фэрмах абвешчаны карантын.

Францыя – падрыхтаваны пералік 47000 ягнятаў, імпартаваных зь Вялікай Брытаніі, каб забясьпечыць мясам правядзеньне мусульманскага сьвята Эйд-аль Адха ў наступным месяцы.

У Ірляндыі ўведзены памежны кантроль.

Вэтэрынарная служба Расеі ўвяла забарону на ўвоз усёй жывёлагадоўнай прадукцыі зь Вялікай Брытаніі.

Старшыня асацыяцыі гандлю мяснымі прадуктамі Эўрапейскага Зьвязу Жан-Люк Мэрыё заявіў пра тое, што пранікненьне яшчура на кантынэнт стане сапраўднай катастрофай для эўрапейскай мясной прамысловасьці. На думку Жана-Люка Мэрыё, наступствы эпідэміі яшчура будуць больш жахлівымі за каровінае шаленства.

Міністар сельскай гаспадаркі Брытаніі Нік Браўн вылецеў у Брусэль, дзе выступіць перад калегамі з паведамленьнем пра захады брытанскага ўраду для барацьбы з эпідэміяй. Напярэдадні Нік Браўн паведаміў, што брытанскі бок ня мерыцца экспартаваць свае праблемы ў іншыя краіны.
Брытанскія ўлады заяўляюць, што ніводная з заражаных жывёлаў не пакіне тэрыторыі краіны.

Камісія Эўрапейскага Зьвязу не падрыхтаваная да новага крызісу, зьвязанага зь яшчурам. Яна вырашае фінансавыя праблемы, узьніклыя ад наступстваў каровінага шаленства.

“Кішэня Камісіі пустая,” – заявіў прэсавы сакратар выканаўчага воргану Эўразьвязу - акумуляваныя ўсе магчымыя сродкі – больш за 1 мільярд эўра – гэта 900 мільёнаў даляраў – для таго, каб заплаціць за зьнішчэньне цялятаў, не правераных на наяўнасьць каровінага шаленства.

У зьвязку з тым, што ў выніку эпідэміі каровінага шаленства продаж ялавічыны за тры месяцы зьнізіўся амаль на 30 працэнтаў, міністар сельскай гаспадаркі Швэцыі Маргарэта Вінбэрг мусіла тлумачыць дэлегацыі бэльгійскіх фэрмэраў немагчымасьць знайсьці дадатковыя сродкі для кампэнсацыі стратаў. “Міністры сельскай гаспадаркі ня маюць паўнамоцтваў падвышаць бюджэт”, - заявіла яна.

Што да пашырэньня яшчура, прэсавы сакратар галяндзкага міністэства сельскай гаспадаркі Бэнна Бругінк у інтэрвію БіБіСі заявіў, што “гэта надзвычай небясьпечная хвароба, яе цяжка дыягнаставаць у выпадку з авечкамі і аленямі. Таму і пастаноўлена пачаць забіваць жывёлы”.

Апошні выбух яшчура ў краінах Эўрапейскага Зьвязу адбыўся ў 1992 годзе. Тады былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў хваробы жывёлы ў Грэцыі, аднак да эпідэміі не дайшло. Агенцыя харчовых стандартаў заяўляе, што няма падставаў гаварыць пра небясьпеку для чалавека ў зьвязку з распаўсюджваньнем яшчура.

Зафіксаваны адзін выпадак хваробы чалавека на яшчура – у Вялікай Брытаніі, у 1966 годзе . Сымптомы хваробы былі вельмі нязначнымі.
XS
SM
MD
LG