Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ АХОЎНІК ПРЭЗЫДЭНТА КУЧМЫ МІКОЛА МЕЛЬНІЧЭНКА ДАЎ ІНТЭРВІЮ КАРЭСПАНДЭНТАМ РАДЫЁ СВАБОДА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

З 1998 году гэты чалавек вёў аўдыёзапісы размоваў прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, у якіх, між іншага, ёсьць і размовы пра неабходнасьць забойства апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзе, перасьлед сродкаў масавай інфармацыі, судоў, палітыкаў.

Як паведамляе наш карэспандэнт, журналісты прайшлі праз цэлы шэраг складаных спосабаў перасьцярогі, пакуль у прыватным пакоі гатэлю, недалёка ад вугорска-славацкай мяжы, сустрэліся з Міколам Мельнічэнкам, які прыйшоў на сустрэчу замаскаваным.

34-гадовы Мельнічэнка – былы вайсковец, які пазьней служыў у 9-ай управе КГБ, адказнай за ахову вышэйшых урадавых асобаў. Нейкі час быў адным зь целаахоўнікаў былога савецкага прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова.

Пасьля таго, як Украіна здабыла незалежнасьць, Мельнічэнка вярнуўся ў Кіеў, прайшоў школу электронных спосабаў назіраньня і стаў адным з целаахоўнікаў тады яшчэ прэм’ер-міністра Леаніда Кучмы.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў Мельнічэнка верыў, што Кучма будзе добрым прэзыдэнтам. Але неўзабаве прыйшло расчараваньне. Найперш ад таго, што чуў ахоўнік у часы сустрэчаў Кучмы зь іншымі афіцыйнымі асобамі. Гаворыць Мікола Мельнічэнка:

(Мельнічэнка: ) “Ужо паводле таго матэрыялу які я маю і які зрабіў, можна адназначна сказаць, што Кучма злачынец, што ён аддаваў злачынныя загады і кантраляваў іх. Гэтыя загады тычыліся і фінансавых махлярстваў, і палітычнага ўціску лідэраў апазыцыі, якія стаялі за свабоду сродкаў масавай інфармацыі”.

Апрача гэтага Мельнічэнка распавёў журналістам, што ягонай мэтай было раскрыцьцё ўзроўню хабарніцтва ва Ўкраіне і дадаў, што ён дзейнічае як “незалежны Дон Кіхот”, і злодзеі ніколі ізноў ня прыйдуць да ўлады ў ягонай краіне.

Паводле Мельнічэнкі, Кучма прыўлашчыў, прынамсі, адзін мільярд даляраў “на прыватныя і палітычныя мэты”. Поўная расшыфроўка зробленых Мельнічэнкам аўдыёзапісаў размоваў Кучмы працягнецца яшчэ пару месяцаў, але ў выніку, кажа ён, будзе даказаным, што няма ва Ўкраіне большага злачынцы, чым Кучма.

Мельнічэнка таксама паведаміў, што Леанід Кучма ўсталяваў “крышу”, якая бароніць алігархаў і бізнэсмэнаў, якія плоцяць за гэта прэзыдэнту мільёны даляраў гатоўкай праз банкіра Аляксандара Волкава, які адначасна ёсьць і сябрам парлямэнту.

Сёньня Мельнічэнка не адчувае сябе ў бясьпецы. Але ён кажа:

(Мельнічэнка: ) “Я не баюся вяртаньня на Ўкраіну, таму што для мяне няма большай каштоўнасьці, чым мая Ўкраіна. Я жаўнер Украіны, і я гатовы для ейнай незалежнасьці і дэмакратыі рабіць усё, што ад мяне залежыць”.

У той самы час, Мельнічэнку хвалюе лёс ягонай сям’і:

(Мельнічэнка: ) “Я баюся за жонку, баюся за дзіця, таму што я ведаю, якія і ўкраінскія, і міжнародныя сілы працуюць, каб зьмяніць мае сьведчаньні, альбо неяк паўплываць на мяне праз сям’ю. Яны пойдуць на гэта, бо для іх не існуюць ні сумленьне, ні мараль”.

Сказаў Мікола Мельнічэнка.

Запісы Мельнічэнкі выклікалі найбольшыя дэманстрацыі ва Ўкраіне ад часу вяртаньня яе да незалежнасьці 10 гадоў таму. Запісы, зробеныя целаахоўнікам прэзыдэнта, былі часткова агучаныя дэпутатам Вярхоўнай Рады Аляксандарам Марозам. Паводле Мароза, гэтыя запісы, у праўдзівасьці якіх ён не сумняецца, сьведчаць пра тое, што прэзыдэнт Украіны замовіў зьнікненьне Георгія Гангадзе. Генэральная пракуратура Ўкраіны ўзбудзіла ў дачыненьні Мельнічэнкі крымінальную справу і абвесьціла яго ў вышук.
XS
SM
MD
LG