Такое здараецца адзін раз на год. Куцьця, пярэдадзень Божага нараджэньня. Дзень прасьветленай радасьці, дзень, поўны віншаваньняў, найлепшых пажаданьняў сваякам і блізкім знаёмым, наогул усім людзям, зь якімі сустракаесься штодня. “Мэлёдыя дня” далучаецца да самых цёплых словаў у, спадзяюся, не такі ўжо і халодны вечар.
Сёньня мы, зразумела, таксама будзем слухаць калядную песьню. Аднак не зусім звычайную. Я нагадаю, што ў заходняй папулярнай музыцы даўно ўжо існуе традыцыя выдаваць пад Каляды разнастайныя альбомы адпаведнай тэматыкі.
Супэрзоркі сцэны выступаюць з уласнымі вэрсіямі часам вельмі просьценькіх песенек, і гэтыя запісы карыстаюцца, як правіла, нязьменным посьпехам у слухачоў, зьяўляючыся жаданым і сапраўды прыемным падарункам.
У Беларусі ўсё пачалося ў 1997 годзе, калі фірма “Ковчег” выдала зборны альбом з каляднымі песьнямі ў выкананьні як народных, так камэрных ды эстрадных выканаўцаў. У 2000 годзе Алесь Суша выдаў альбом “Сьвяты вечар”, першы ў нас спэцыяльны зборнік калядных песень. З таго часу творы гэтай тэматыкі ўсё часьцей трапляюць у чарговыя альбомы выканаўцаў розных жанраў.
Вакальная група “Камэрата” два гады таму прапанавала таксама адну з такіх песень. Тацяна Дробышава ўзяла за аснову народны тэкст і напісала ўласную музыку. Для тых, хто “Камэрату” ня ведае, паведамлю: у запісе ня ўдзельнічае ніводзін музычны інструмэнт. Усё музыканты робяць галасамі. Згодна, дарэчы, з традыцыяй. Але гэтае “Божае нараджэньне” — усё ж новае слова ў той традыцыі. І надзвычай пераканаўчае.
Зьміцер Падбярэскі