Адной з найбольш істотных заслугаў праграмы “Мэлёдыя дня” я асабіста лічу той факт, што да працэсу стварэньня сучаснай папулярнай музыкі ў Беларусі дзякуючы гэтай праграме пэўным чынам далучыліся тыя музыканты, якія раней стаялі ад гэтага працэсу ўбаку. Сярод іх — і сёньняшні ўдзельнік праграмы.
Гаворка ідзе пра гітарыста Ігара Волкава і групу з даволі амбітнай назвай “Сталіца”, якую ён узначальвае. Мушу адзначыць, што Ігар Волкаў раней ніколі, як мне здаецца, не выстаўляў уласны талент наперадзе іншых калегаў па цэху. Магчыма, з-за гэтага яго і ведалі горш. Аднак у Ігара, ураджэнца Расеі, заставаўся час на тое, каб запісаць альбом зь песьнямі, сярод якіх былі і беларускія народныя, і адшліфаваць уласнае майстэрства так, што яно цяпер можа быць узорам, годным перайманьня.
Пры гэтым група “Сталіца” выйшла на зайздросны па якасьці ўзровень выкананьня, ня кажучы ўжо пра арыгінальнасьць рэпэртуару. П’еса славутага, саліднага расейскага кампазытара-клясыка Георгія Сьвірыдава “Час, наперад” у свой час зрабілася агульнавядомай як застаўка тэлевізійнай праграмы “Время”, а потым неяк неўпрыкмет — пэўным эталёнам, які вызначае майстэрства найперш гітарыстаў.
Ігар Волкаў зрабіў уласную аранжыроўку гэтага твору і, на маю думку, вельмі адметную і арыгінальную. П’еса нібыта пацьвярджае: сапраўды, час імкліва ляціць наперад аж да таго, што нашыя дзеці растуць куды хутчэй, чым мы самі старэем. Але ж не бядуйце: пачуемся, спадзяюся, і заўтра!
Зьміцер Падбярэскі