Адна з галоўных мэтаў практычна кожнага музычнага фэстывалю — адкрыцьцё новых імёнаў пераважна тых музыкантаў, якія робяць на сцэне толькі першыя крокі. Вось і я два гады таму на гомельскім фэстывалі “Рэнэсанс гітары” пазнаёміўся з музыкантам, які сёньня ўпершыню выступіць у нашай праграме.
“Рэнэсанс гітары” — гэта фэстываль не для аматараў. Тым большае было маё зьдзіўленьне, калі я пабачыў і пачуў маленькага хлопчыка з Маладэчна Ігара Дзедусенку, вучня вядомага пэдагога Карла Пагоцкага. На той час Ігар, якому было ўсяго 10 гадоў, ужо быў лаўрэатам міжнароднага конкурсу ў Польшчы, хоць, калі гітару паставіць побач зь ім на сцэне, яны былі практычна ўпоравень.
Аднак тады ўжо адчувалася, што Ігар усё ж іграе асэнсавана, сьвядома, а не старанна выдае гледачам завучаную на ўроках музыку. Годам пазьней ён узяў яшчэ адно званьне лаўрэата ў сваёй узроставай групе на чарговым конкурсе ў Польшчы. Так што маюць рацыю арганізатары фэстывалю ў Гомелі, калі запрашаюць выступіць поруч з прафэсіяналамі тых, хто сам неўзабаве мае ўсе шанцы стаць майстрам гітары.
Сёньня мы паслухаем юны талент з Маладэчна ў дастаткова папулярным творы для гітары — “Мазурцы “Шора” з “Бразыльскай сюіты” Віла-Лобаса. Такім чынам, чарговы панядзелак з “Мэлёдыяй дня” і чарговы дэбютант праграмы.
Зьміцер Падбярэскі