Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Гульня часу”. Музыка і аранжыроўка А.Отчанашанкі. Група “Баржомі”. Дэма-альбом “Свет и тени”, 2002



Напэўна, кожны з музыкантаў на пачатку творчасьці непазьбежна праходзіць пэрыяд перайманьня, калі падставай для далейшага сталеньня робіцца творчасьць таго ці іншага вядомага майстра. І толькі калі музыкант пойдзе ў разьвіцьці далей, можна спадзявацца, што і ён некалі зробіцца прыкладам для перайманьня.

Гітарыст з Барысава Аляксандар Отчанашанка ў свой час удасканальваў майстэрства пад наглядам такіх экспэртаў гітары, як Уладзімер Угольнік і Ўладзімер Ткачэнка. Аднак ён ніколі не хаваў, што ягоным улюбёным музыкантам быў Пэт Мэціні, што, зрэшты, адчуваецца ў музыцы калектыву, які ён сабраў з музыкантаў трох гарадоў. Адсюль і незвычайная назва “Баржомі”.

Усе творы для дэма-альбому “Сьвятло і цені” напісаў сам Аляксандар. Рэдкі, прызнацца, для Беларусі прыклад інтэлігентнай і проста прыгожай музыкі. Ані ценю шлягернасьці! Ды пры гэтым — дасканала напісаная і выкананая музыка. Канечне, тонкія знаўцы сучаснай музыкі падкрэсьляць: так, маўляў, бяз пэўных запазычваньняў у Пэта Мэціні тут не абышлося. Ведаеце, калі запазычваць, дык лепш у Мэціні, чым, да прыкладу, у Кіркорава.

П’еса “Гульня часу” вырашаецца як і большасьць твораў з рэпэртуару “Баржомі”: дакладны, пругкі рытм, бездакорнае выкананьне, лёгкі, курортны флірт акустычнай гітары і скрыпкі. Дарэчы, зноў жа вельмі сьвежы запіс: кастрычнік гэтага году. Толькі вось дэбютантамі назваць групу “Баржомі” ўжо немагчыма.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG