Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Walkin’ Blues”. Музыка і словы Р.Джонсана, аранжыроўка і выкананьне — дуэт “Svet&Al”. Дэма-альбом “Diggin’ It”, 2002



Слухалі мы песьні ды слухалі, аднак неяк неўпрыкмет дабраліся амаль да самых Калядаў. І чым далей, тым болей будзе ў праграме “Мэлёдыя дня” твораў сьвяточнае тэматыкі. Але ж ня будзьма забываць: сёньня — панядзелак. А гэты дзень у нас апошнім часам для дэбютантаў.

Сапраўды, гэты панядзелак таксама аддадзены маладым музыкантам, якіх раней у нашай праграме не было. Вось тут мушу адзначыць: для мяне асабіста дуэт вельмі маладых менскіх музыкаў, які называецца “Svet&Al”, — гэта бясспрэчнае адкрыцьцё году. Прычым можна толькі здагадвацца, адкуль у іх такое тонкае, дасканалае адчуваньне блюзу.

Каб мне папярэдне не растлумачылі, я, упершыню пачуўшы гэтыя запісы, дальбог падумаў бы, што слухаю выканаўцаў з вусьця Місысыпі. Ажно не: гэты сапраўдны блюз выконваюць музыканты з узьбярэжжа Сьвіслачы. Запіс, прычым, самы сьвяжуткі: зь лістапада гэтага году.

У песьні “Walkin’ Blues”, напісанай легендарным Робэртам Джонсанам, праўду кажучы, удзельнічае яшчэ адзін музыкант, вакаліст, які хаваецца пад псэўданімам “Біг Вал”. Я асабіста ведаю гэтага чалавека, прафэсійнага перакладчыка-сынхраніста, аднак быў сьведкам таго, што гэтую песьню аднесьлі да творчасьці Джона Лі Гукера. Невыпадкова: тое, што вы пачуеце, нельга назваць стылізацыяй. Казаць трэба хутчэй пра дакладнае, ювэлірнае прытрымліваньне канонаў клясычнага блюзу. Як ні дзіўна — беларускага разьліву.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG