Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Келіх кола”. Аранжыроўка З.Сасноўскага. Група “Стары Ольса”. Альбом “Келіх кола”, “Ковчег”, 2001



Часам здараюцца такія сытуацыі, калі ёсьць неабходнасьць разам пасесьці вакол стала і спакойна абмеркаваць становішча, што ўзьнікла ў выніку нейкіх непрадбачаных, спрэчных дзеяньняў розных бакоў. Збольшага мы ведаем адпаведны гэткай сытуацыі выраз “трубка міру”. Але далёка не заўсёды варта азірацца на чужы вопыт, калі такая традыцыя існуе ў нас з вамі.

Група “Стары Ольса”, як мне здаецца, даволі істотна разварушыла беларускі музычны рынак. Таму што, па-першае, выйшла на яго зь непаўторным, прынцыпова новым рэпэртуарам і гучаньнем. Па-другое, прапанавала цалкам новае разуменьне таго, што ў музыцы можа быць папулярным і запатрабаваным. Як аказалася, гэта зусім ня толькі тое, што ствараецца ў нашыя дні адпаведна модным павевам, хоць і такога роду прадукцыі хапае ў беларускай музыцы, у чым вы можаце пераканацца, калі ўважліва прагледзіце хоць бы сьпіс усіх тых больш за тры сотні ўжо песень і інструмэнтальных твораў, якія зьмешчаныя на нашай старонцы.

Група “Стары Ольса” адной зь песень нагадала старадаўні звычай вырашаць спрэчкі таксама за сталом, пускаючы па колу кубак з напоем. Яно, магчыма, гэтак і лепш, бо трубка міру, як папярэджвае Міністэрства аховы здароўя, усё ж шкодзіць арганізму.

Келіх кола — выпадак цалкам іншы, асабліва калі ў тым келіху зьмешчаны ня проста абы-які алькагольны напой, а нешта накшталт глытка свабоды, здольнага дапамагчы кожнаму з нас усьвядоміць сябе роўным сярод роўных, а ня проста нейкім аўтаматам для выкананьня чужых загадаў. Такі напой здароўю ніколі не пашкодзіць. Запіс 2001 году, “Стары Ольса”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG