Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Сівы голуб”. Музыка І.Паліводы, словы Л.Пранчака. А.Кашапараў і “Песьняры”. Альбом “Між Менскам і Нью-Ёркам”, “Ковчег”, 2000



Кожны з нас, жадае ён таго ці не, але так ці інакш сочыць за тым, што адбываецца ў музычным шоў-бізнэсе. Нават калі выключае тэлепраграму з удзелам выканаўцаў, слухаць якіх ужо няма ніякіх сіл. Гэта, зрэшты, таксама паказчык вашае ўвагі да музычнае моды. Вось чаму часам надзвычай карысна азірнуцца назад і параўнаць тое, што было, з тым, што маем. Зразумела, з дапамогаю праграмы “Мэлёдыя дня”.

Працягласьць жыцьця амаль кожнага ідала сучаснае папулярнае музыкі звычайна нязначная. Бывае, ледзь мы пасьпяваем сабраць у сябе хоць бы пару плякатаў з выяваю таго ідала, як пра яго ўжо нічога не чуваць. Забыліся песьні, страцілася папулярнасьць, тавар, як кажуць, згубіў назаўсёды свой рынкавы кошт. Між тым, маюцца такія выканаўцы, які здольныя крочыць упоравень з часам і модаю, і такія, якія, зрабіўшы некалі нешта, працягваюць быць запатрабаваныя яшчэ многія гады.

Памятаеце надзвычайны посьпех у свой час песьні “Вологда”, узьнятай зь нябыту ансамблем “Песьняры”? Даю руку на адсячэньне: калі б у той песьні не саліраваў Анатоль Кашапараў, песьня б тая напэўна ня мела б той проста шалёнай папулярнасьці. Адкрыты, шчыры, можа нават крыху наіўны голас майго сябра дзяцінства надаў песьні тую індывідуальнасьць, якой нельга дасягнуць пры найбольш дасканалай вывучцы.

Сёньня мы паслухаем іншую песьню — “Сівы голуб” Ігара Паліводы на словы Лявона Пранчака. Таксама, здавалася б, надзвычай простая, няхітрая песьня, якая, зрэшты, шлягерам так і не зрабілася. Але і тут, калі б ня голас Анатоля Кашапарава, песьня наўрад ці засталася б у гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Выразны прыклад таго, што значыць індывідуальнасьць у мастацтве. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG