Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Баба Лена”. Музыка і аранжыроўка В.Малчанава, словы Н.Гулак. Розныя выканаўцы. Дэма-запіс, 2002



Часам з кожным з нас здараецца, калі сюрпрыз каравуліць, што называецца, у самым нечаканым месцы. Мне асабіста чамусьці здаецца, што праграма “Мэлёдыя дня” даволі істотна паўплывала на разьвіцьцё музычнага рынку Беларусі, бо час ад часу да нас самі прыходзяць музыкі й прыносяць новыя запісы. Зрэшты, як і сёньняшні.

Тыдзень таму я ўжо прэзэнтаваў, на маю думку, надзвычай удалы плён працы менскага гітарыста Віктара “Малога” Малчанава, які мае за плячыма надзвычай багатую біяграфію працы ў самых розных калектывах, як фармальных кшталту “Песьняроў” ці Дзяржаўнага канцэртнага аркестру, так і нефармальных, як хоць бы групы “Флэт” ці “Крама”.

Магчыма, найбольшы плён Віктар Малчанаў меў усё ж ад кантактаў зь нефармаламі, бо менавіта лідэра “Крамы” Ігара Варашкевіча ён запрасіў для запісу напісаных гэтым годам песенек у клясычнай рок-н-рольнай стылістыцы. Нехта староньні можа нават зазначыць, быццам мы сёньня будзем слухаць усю тую ж “Краму”, хоць гэта далёка ня так.

Гэткі выключна беларускі па тэматыцы рок-н-рол пад назваю “Баба Лена” быў напісаны на словы Настасьсі Гулак. Нягледзячы на традыцыйную па форме музыку, можна казаць, што мы маем справу выключна зь беларускаю вэрсіяй клясычнага папулярнага жанру.

Што азначае адно: дзе б ні працаваў музыкант, якую б музыку на патрэбу бягучаму, так бы мовіць, моманту, яму ні даводзілася выконваць, але ж душу ўласную не падмануць. І нават такога сталага ўзросту і вопыту музыканты час ад часу ня могуць не згадаць тую музыку, да якой ляжыць душа. І нават баба Лена за тое ім некалі аддзячыць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG