Фанэра. Гэтым словам на музычным слэнгу называюць выкананьне песень падчас канцэртаў пад фанаграму. Фанэра — гэта прыкмета найперш айчыннай постсавецкай эстрады, калі нават папулярная музыка была, па сутнасьці, такая ж хлусьлівая, як і амаль усё наўкола. Што найбольш жахліва, дык гэта тое, што ў нас фанэра працягвае жыць і ахапіла нават дзіцячыя калектывы. Вітаю вас, але, канечне ж, ня з гэтым!
На адным з фэстываляў “Славянский базар” давялося бачыць і чуць адзін дзіцячы калектыў зь Менску. Ня памятаю, як ён называўся, але гэтыя дзеткі пад аплядысмэнты прысутных з паўгадзіны ладна ўдавалі, быццам яны сьпяваюць, хоць фанаграма, як кажуць, мела месца. Вось такім чынам некаторыя музычныя пэдагогі зь дзяцінства прывучаюць музыкантаў хлусіць сабе ды іншым.
Кампазытар і выканаўца Тацяна Моўчан, як мне здаецца, у тэатры дзіцячай песьні, якім яна кіруе, фанаграму ня церпіць, яе выхаванцы заўсёды працуюць падчас канцэртаў шчыра. Можа, таму і вынікі радуюць. Вось адна з такіх песень — “Ластаўка”, музыка і словы народныя ў аранжыроўцы Вячаслава Шарапава.
Тут адно можна заўважыць: аранжыроўка зробленая ў традыцыях дыска-музыкі 80-х і таму, можа, мэлёдыя нагадвае крыху адразу некалькі вядомых шлягераў таго часу. Зь іншага боку, інакш і быць не магло: тагачасная музыка дыска актыўна крала ідэі ва ўсіх наўкола. Тым ня менш, мы маем справу з сапраўдным дзіцячым шлягерам, калі адчуваецца, што сьпяваюць жывыя дзеці, а не віртуальныя фанэрныя стварэньні.
Зьміцер Падбярэскі