Калі мы вымаўляем слова “клясыка”, дык аўтаматычна маем на ўвазе нешта такое, што застаецца нам у спадчыну. Калі мы згадваем папулярную беларускую песьню, дык слова “спадчына” гаворыць нам перш за ўсё пра канкрэтны твор.
Такім чынам, песьня “Спадчына”. Сапраўды — клясычная пазыцыя беларускае эстрады, твор, які быў напісаны недзе ў першай палове 1970-х і які напэўна ня быў разьлічаны на тое, што прагучыць у выкананьні ансамблю “Песьняры”.
Мне думаецца, што кампазытар Ігар Лучанок, напісаўшы мэлёдыю на верш Якуба Коласа, думаў найперш пра сьпевака-барытона, тыповага выканаўцу песень лірычна-патрыятычнай тэматыкі. Ажно сталася так, што песьня гэтая набыла агульнанацыянальнае значэньне ў выкананьні менавіта вакальна-інструмэнтальнага ансамблю, якіх у той час ня надта афіцыйна прывячалі.
Зь іншага боку, магчыма і самі “Песьняры” ўчапіліся за гэты ў аснове сваёй сапраўды ўдалы твор, каб такім чынам крыху засьцерагчы сябе ад рэальных абвінавачаньняў у нізкапаклонстве перад заходняй ідэялёгіяй.
Як бы там ні было, сёньня мы маем выдатны твор, прычым, як гэта часта бывала ў практыцы “Песьняроў”, самі музыканты напэўна давялі песьню да вядомай нам цяпер узорнай кандыцыі. І можна быць упэўненым, што песьня гэтая будзе гучаць яшчэ многія гады як у гэтай клясычнай вэрсіі, так і, безумоўна, у новых прачытаньнях. Галоўнае тут што? Было б што чытаць!
Зьміцер Падбярэскі