Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Ад блюзу да рок-н-ролу”. Аўтар папуры С.Горын. Цэнтральны міліцэйскі аркестар Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Альбом “Цэнтральны міліцэйскі аркестар Міністэрства



Музыканты часам жартуюць: калі, маўляў, узяць тры чужыя мэлёдыі, зь іх можна стварыць адну, уласную і новую. Калі ж такіх мэлёдыяў больш, узьнікае твор іншага жанру — папуры. Але і пры гэтым кожнае такое папуры мае свайго, аднаго аўтара.

Дазволю сабе яшчэ раз нагадаць, разам зь якімі выканаўцамі вы правялі гэты мэлядыйны тыдзень. Музыканты джаз-групы “Apple Tea” згадалі свае вайсковыя будні ў п’есе “Печы блюз”, этна-трыо “Тройца” прасьпявала гімн восеньскім “Вятрам”, а ўдзельнікі групы “Сталіца” на практыцы абверглі сэнс назвы кампазыцыі “Калі не стае тэхнікі”. Група “Мроя” песьняй “Кастрычніцкі цягнік” зьвярнулася да тых, хто й дагэтуль лічыць дзяржаўны пераварот сьвятам, Сяргей Анцішын і Аляксандар Церахаў прадставілі гітарную вэрсію фартэпіяннага жанру рэгтайму, а полацкая група “Мясцовы час” засьведчыла: калі “Вартаўнік” на месцы, рэчы ня зьнікнуць ні ў часе, ні ў прасторы.

Скончым жа мы гэты тыдзень тым самым папуры, які прагучыць у выкананьні Цэнтральнага, як вынікае ў перакладзе з ангельскай мовы, міліцэйскага аркестру Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Шчыра прызнаюся: якое ж гэта задавальненьне чуць міліцыянтаў не праз мэгафон, а ў складзе вельмі прыстойнай джаз-банды.

І папуры Сьцяпана Горына мае назву “Ад блюзу да рок-н-ролу”. Складзенае яно з фрагмэнтаў найбольш вядомых п’ес гэтага жанру і ўяўляе сабой кароткі агляд гісторыі бытаваньня гэтай музыкі. На жаль, далёка ня ўся яна прагучыць за нашыя кароткія эфірныя хвіліны, таму яшчэ раз раю людзям, не абыякавым да міліцэскага блюзу, скарыстацца нашай старонкаю ў Інтэрнэце.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG