Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Агонь”. Музыка і аранжыроўка А.Панамарова, словы Ю.Саваша. І.Дарафеева. Дэма-альбом, 2002



Можна лёгка заўважыць, што ў праграме “Мэлёдыя дня” гучаць творы ня ўсіх вядомых у Беларусі сьпевакоў. Ня паказваюцца ж яны зусім не з прычыны нейкага асаблівага да іх стаўленьня. У многіх беларускіх артыстаў проста няма песень на беларускай мове.

Па традыцыі нагадаю, што мы слухалі на гэтым тыдні. Напачатку нас катавалі-ратавалі музыкі групы “NRM”, пасьля чаго вэтэран беларускага рон-н-рольнага руху Яўген Канавалаў прэзэнтаваў уласную вэрсію славутай песьні “Eleanor Rigby” групы “Бітлз”. Інструмэнтальная група ансамблю “Харошкі” выканала песьню “Братка беларус” Міхася Скрундзя, пры гэтым прозьвішча аўтара песьні атрымалася даведацца толькі пасьля тэлефанаваньняў у Баранавічы, дзе ён жыве. Ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”, выконваючы запаветы Дука Элінгтана, пацьвердзіў: “It Don’t Mean a Thing If It Ain’t Got That Swing”, а Зьміцер Вайцюшкевіч і “WZ-Orkiestra” прадставілі песьню “Гора” з толькі што выдадзенага альбому “Баляды”. Вакальная група Ганны Казловай згадала на Дзяды імёны Ігара Паліводы і Максіма Багдановіча песьняй “Як Базыль у паходзе канаў”.

Тое, што песьні ў выкананьні Ірыны Дарафеевай часта гучаць у нашай праграме, не выпадкова. Па-першае, яна сапраўды адна з найлепшых беларускіх сьпявачак. Па-другое, неўзабаве павінен убачыць сьвет новы яе альбом, цалкам складзены зь песень беларускамоўных, што ў дачыненьні да нашых эстрадных зорак — бадай што выключэньне з правілаў.

Сёньня прагучыць яшчэ адна такая песьня, напісаная і аранжаваная зоркай украінскай эстрады Аляксандрам Панамаровым, аўтар беларускага тэксту — Юры Саваш. “Агонь” — так называецца гэтая песьня, якая выдатна адпавядае як музыцы, так і словам. А мы, адным словам, пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG