Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Як Базыль у паходзе канаў”. Музыка І.Паліводы, словы М.Багдановіча. Вакальная група Г.Казловай. Альбом “Максім”, “Ковчег”, 1997



Звыйчайна праграма “Мэлёдыя дня” не прывязваецца да пэўных датаў ці сьвятаў. Але ж сёньня беларусы адзначаюць Дзяды, дзень ня толькі знакавы, але і знамянальны. Бо менавіта Дзяды далі адлік найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі.

Песьня, якая прагучыць сёньня, мае да тае найноўшае гісторыі самае непасрэднае дачыненьне. У першай палове 90-х гадоў Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі прадставіў прэм’еру вялікай праграмы “Максім”, напісанай Ігарам Паліводам на вершы Максіма Багдановіча. Сцэна ў канцэртнай залі Беларускай філярмоніі была ўпрыгожаная вялізнай выявай Пагоні, у канцы праграмы ўсе салісты аркестру выконвалі тую ж “Пагоню” з арыгінальнай музыкай Паліводы.

Уявіць сабе сёньня такі канцэрт, канечне ж, немагчыма, хоць выканаўцы, здаецца, былі б тыя самыя. Па сутнасьці, праграма “Максім” сталася для Ігара Паліводы лебядзінаю песьняй. Адзін з твораў гэтай праграмы мы і паслухаем сёньня.

Гэта драматычная песьня “Як Базыль у паходзе канаў”, якую выконвае вакальная група пад кіраўніцтвам Ганны Казловай. Песьня гучыць а капэльна. Мушу адзначыць, што музыку Ігар Палівода напісаў проста выдатную! І цяжка зразумець, чаму гэты твор сёньня практычна забыты. Зь іншага боку... Сёньня многія чамусьці хуценька забыліся на тое, што адбывалася яшчэ зусім нядаўна, хоць бы на пачатку згаданай ужо найноўшай гісторыі краіны.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG