Жанр баляды ў музыцы — адзін з найбольш клясычных і зусім не такі просты для ўвасабленьня, як можа падацца на першы погляд. Звычайна кажуць, што па тым, як музыкант здольны выканаць баляду, і правяраюцца ягоныя прафэсійныя здольнасьці. Прынамсі, у музыцы папулярнай.
Новенькі, літаральна яшчэ цёпленькі альбом Зьмітра Вайцюшкевіча і “WZ-Orkiestra” так і называецца — “Баляды”. Усяго дзевяць твораў гэтага жанру на народныя тэксты і з часткова народнай жа музыкай склалі праграму гэтага, на жаль, невялікага па часе гучаньня альбому, які ў беларускай музыцы ці ня першая спроба паказаць не заліхвацка-радасныя народныя песьні, не творы абрадавых цыкляў, а менавіта баляды.
Я нават перакананы ў тым, што стварыць гэтую праграму Зьмітру Вайцюшкевічу было вельмі няпроста, хоць падобныя апрацоўкі можна адшукаць у мінулым у творчасьці хаця б тых жа “Песьняроў”. Найперш ад аўтара альбому патрабавалася намацаць арыгінальную гукавую аснову, што ў яго, адзначу, атрымалася выдатна. Магу нават сьцьвярджаць, што гучаньне менавіта кантрабасу замест бас-гітары стварае ўдзячны падмурак для прэзэнтацыі твораў.
Мы паслухаем баляду “Гора”, даволі нетыповую, бо вырашаная яна ў хуткім, ня надта ўласьцівым балядзе тэмпе. Ну а сама прэзэнтацыя альбому адбудзецца 2 лістапада ў менскім Тэатры юнага гледача. Пабачымся там і пачуем Зьмітра Вайцюшкевіча яшчэ раз!
Зьміцер Падбярэскі