Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Сон”. Музыка Л.Шырына, словы А.Камоцкага, аранжыроўка С.Вядзьмедзя. Стэфан. Дэма-запіс, 2002



Калі вы жадаеце пераканацца, што беларуская музыка — гэта ня толькі “Полька-трасуха” ды неліквідныя ансамблі песьні ды танца, калі вы жадаеце адчуць усю ці амаль усю палітру беларускай папулярнай музыкі, слухайце “Мэлёдыю дня”. На нашым сайце вось ужо амаль тры сотні твораў, безь перапынку ані на суткі!

Ня ўсім, як вядома, з тых, хто спрабуе зрабіць імя ў папулярнай музыкі, шанцуе ў гэтай сапраўды нялёгкай прафэсіі. Бывае, пачынае выканаўца гучна, яскрава, быццам вылятае на небасхіл эстраднага асяродзьдзя, а потым неяк неўпрыкмет адыходзіць на задні плян, калі наогул не ў нябыт.

Шчасьлівы шанец, зразумела, сустракае вельмі нямногіх, хоць часам тое, што пакідаюць па сабе выканаўцы, якія так і ня здолелі зрабіцца славутымі, сьведчыць пра неабыякі талент. Так вось не зрабіўся зоркаю айчыннай эстрады сьпявак, якога ведаюць пад імем Стэфан. Вельмі цікавы голас, рэдкі тэмбр, аўтары-прафэсіяналы, пара ўдалых песень не дапамаглі Стэфану, аднак, замацавацца на сцэне. Магчыма, з-за таго, што ён не жадаў быць падобным да іншых.

Песьня “Сон” Леаніда Шырына на словы Алеся Камоцкага ў аранжыроўцы Сяргея Вядзьмедзя, можа, і ня самая ўдалая з тых, што запісаў Стэфан. Але яна дае адчуць, на што быў здольны гэты сьпявак. А можа — яшчэ здольны? Мне асабіста вельмі хочацца, каб мы пачуліся ізноў.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG