Кожны, бадай, народ мае мэлёдыі, якія большасьцю людзей успрымаюцца як пэўны нацыянальны сымбаль. Зусім не абавязкова тыя мэлёдыі зьяўляюцца нацыянальнымі гімнамі. Іх хутчэй можна называць духоўнымі гімнамі, творамі, якія абуджаюць у кожным, хто іх чуе, самыя патрыятычныя пачуцьці.
Завяршаецца чарговы восеньскі тыдзень, час нагадаць, якой музыкай ён быў напоўнены ў эфіры Радыё Свабода. Песьняй “Ой, рана на Йвана” ансамбль “Песьняры” даў урок вакалу лідэрам размаітых гіт-парадаў, група “Рагнеда” амэрыканізавала папулярную песьню “Ад панядзелка да панядзелка”, а Зьміцер Яўтуховіч крыху беларусізаваў амэрыканскі джаз п’есай “Восеньская элегія”. Кася Камоцкая і “Новае неба” зрабілі важкі ўнёсак у патрыятычную песенную тэматыку новага часу, група “Сталіца” пакрочыла з “Караванам” па нязьведаных сьцяжынках джаз-року, а Ірына Раманоўская вучыла моладзь, як ня варта паводзіць сябе ў лесе зь першым сустрэчным, няхай ён сабе і лясьнік.
Скончым гэты мэлядыйны тыдзень зноў жа музыкай патрыятычнай. Славуты палянэз “Разьвітаньне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага ў сучаснай вэрсіі збамбардаваў летась гіт-парад станцыі “Радыё Рокс”, адсунуўшы ўсе сучасныя шлягеры. Гэтым разам прагучыць вэрсія клясычная ў выкананьні Варшаўскага камэрнага аркестра пад кіраўніцтвам Марэка Сэвена.
Нешта казаць тут не выпадае. Дадам толькі, што гэты выдатны, яскравы твор можа сьмела лічыць для сябе ўласным гімнам кожны сьвядомы беларус. І вось гэта ў нас ніхто не забярэ.
Зьміцер Падбярэскі