Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Прысьвячэньне Стэфаніі Станюце”. Музыка У.Кур’яна. Альбом “Уладзімер Кур’ян”, “Ковчег”, 2002



Музыка, напісаная да драматычнага спэктакля, звычайна памірае, як толькі спэктакль той сыходзіць са сцэны. Толькі ў рэдкіх выпадках на аснове створанага раней кампазытар піша своеасаблівы працяг, новы твор. Аднак у жанры тэатральнай музыкі маюцца творы, якім забыцьцё не пагражае.

Традыцыйна пры сканчэньні чарговага музычнага тыдня дазволю прыгадаць, што мы слухалі ў папярэднія шэсьць дзён. Дэбютанты праграмы ансамбль “Рагнеда”, спалучаючы здабыткі беларускай і амэрыканскай музыкі, тым самым зьвялі ў адно нашую народную песьню “Іван” зь іхнай “Джон”, легенда беларускага рока Яўген Канавалаў прапанаваў пакаштаваць “Дзіўнае піва”, а трыо “Гарацкія” распавядалі пра таго, хто прыйдзе пасьля. Менскі брас-квінтэт нетрадыцыйна прадставіў танга “Ля кумпрасыта”, Вячаслаў Дацкевіч адзначыў “Дзень анёла Алісы”, дай Бог ёй здароўя, а Ірына Дарафеева распавядала пра “Маладога казака”, які мае ўпрыгожыць новы яе альбом.

Выдадзены сёлета двайны альбом з камэрнай ды тэатральнай музыкай Уладзімера Кур’яна прынёс шмат сапраўды цікавых твораў. Пасьля сьмерці зоркі нашага тэатру Стэфаніі Станюты адзін са спэктакляў аўтаматычна зьнік з афішы. Гэта “Гаральд і Мод”, музыку да якога таксама напісаў Уладзімер Кур’ян.

Зазначу, што адзін з твораў называўся “Прысьвячэньне Стэфаніі Станюце”, і менавіта гэта гарантуе, што гэтая лірычная, цёплая, выразная музыка застанецца жыць да таго часу, як тэатралы будуць памятаць імя славутай актрысы. Што значыць — шмат гадоў.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG