Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “I Get Bad And That Ain’t Good”. А.Пыталеў. Музыка Д.Элінгтана, аранжыроўка А. Пыталева. Запіс з канцэрту ў Белдзяржфілярмоніі, першая палова 1990-х



Музыкант, які ня здольны рэалізаваць уласныя творчыя памкненьні па прычыне іх незапатрабаванасьці грамадзтвам, часам перажывае неабыякі псыхалягічны стрэс. Здараецца, грамадзтва наогул губляе яго назаўсёды як творцу.

“Усё не было б так добра, калі б не было гэтак дрэнна”. Менавіта так, крыху перайначыўшы, можна перакласьці назву твору, які я прапаную вам паслухаць у якасьці сёньняшняй мэлёдыі дня.

Гэта тэма Д’юка Элінгтана “I Get Bad And That Ain’t Good”. Прагучыць яна ў выкананьні піяніста Андрэя Пыталева, які паўдзельнічаў ці не ў дзясятку джаз-фэстываляў за мяжой, у Беларусі выступаў рэдка, а апошнія гады пра яго як пра джазавага піяніста-саліста наогул амаль не чуваць.

Сталася так, што змушаны ён быў шмат часу працаваць за мяжой у вельмі шыкоўных гатэлях Карэі і Бахрэйну, дзе джаз, канечне ж, выконваў, але для ўласнае асалоды. На радзіме ж карміла яго іншая музыка.

Запіс гэты паходзіць зь першай паловы 90-х, калі ў філярмоніі адбыўся цыкль канцэртаў беларускіх джазмэнаў. Андрэй іграў сола, іграў класна, але ж зоркаю беларускага джазу так і не зрабіўся. Бо на “Дажынках” тая музыка не патрэбная. Якая карысьць нашаму калгасу ад Элінгтана? І то праўда! Ды й “Хілтан” яшчэ калі збудуюць! А добрыя музыканты ў нас былі, ёсьць і будуць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG