Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Хамская ўлада”. Выкананьне, музыка і словы — В.Шалкевіч. Альбом “Смутны беларускі блюз”, выдавец не пазначаны, 1996



Такое ўражаньне, што гады мінаюць, а жыцьцё вакол цябе застаецца ўсё тым жа самым. Па-ранейшаму жыхары гэтае краіны клянуць уладу ды начальнікаў за вочы і страшэнна баяцца іх, калі сутыкаюцца сам-насам. Боязь улады і нянавісьць да яе — рэчы такія ж пастаянныя, як і “Мэлёдыя дня”.

З гэтым жа самым пастаянствам у кожнае краіне зьяўляліся артысты, якія не баяліся сказаць уладзе праўду ў вочы. Сказаць тую праўду ў час СССР было куды больш складана, чым пазьней, аднак тыя ж музыканты знаходзілі выйсьце, хоць словы з адной песьні групы “Сузор’е” — “стары асёл маладога вязе” — беларуская партыйная вэртыкаль успрымала як непрыхаваны намёк.

Пазьней казаць праўду зрабілася лягчэй. Помніцца, прайшоў у Менску такі гучны канцэрт “Рок супраць рэвалюцый”, эмблемай якога была выява Ільіча з электрагітарай.

А вось Віктар Шалкевіч, такое ўражаньне, заўсёды імкнуўся казаць праўду, і найперш ва ўласных песьнях. У памятны 1996 год ён запісаў у Беластоку дэбютны альбом “Смутны беларускі блюз”, які адразу быў успрыняты як радыкальна апазыцыйны.

Песьня “Хамская ўлада” з гэтага альбому — таксама на тэму дачыненьняў людзей ды ўлады. Здаецца, гаворка ідзе і не пра наш час, а як жа ўсё здаецца знаёмым. Нібыта песьня тая пісалася сёньня.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG