Нехта можа палічыць, што жыцьцё папулярных артыстаў эстрады зайздроснае: натоўпы прыхільнкаў, слава, прыёмы, добрыя заробкі. Аднак мала хто задумваецца над тым, што на практыцы прафэсія зоркі можа быць нават небясьпечнай.
Ёсьць шмат анэкдотаў, у якіх сюжэт заснаваны на падзеньні ў аркестравую яму. Але ж нездарма кажуць, што кожны жарт мае долю праўды. Мне асабіста неаднаразова даводзілася бачыць, што адбываецца за кулісамі канцэртаў, асабліва тады, калі на тым канцэрце прысутнічае важная асоба. Закулісная атмасфэра тады нагадвае базар, у параўнаньні зь якім “Славянскі” — нішто! Можаце мне паверыць.
Відаць, нешта такое звышнэрвовае адбывалася і за кулісамі падчас радаснага гала-канцэрту на сёлетніх “Дажынках” у Полацку. Інакш ня бегла б Ядзя Паплаўская назлом галавы, каб засьпяваць заключны гімн ураджаю, інакш не зачапілася б за тэлевізійныя кабэлі.
Вынік сумны, як у той кінакамэдыі “Брыльянтавая рука”: ходзіць цяпер нашая зорка эстрады, апошняя ахвяра сёлетняга ўраджаю, з гіпсам на абедзьвюх руках. А вы кажаце: прыхільнікі, слава, прыёмы.
Жадаючы Ядвізе як мага хутчэй скінуць гіпс, прапаную адну зь песень дуэту Паплаўская–Ціхановіч, “Нябесны раяль” Дзьмітрыя Даўгалёва і Ўладзімера Пецюкевіча. Запіс 1998 году.
Зьміцер Падбярэскі