Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Яблынь мая”. Аранжыроўка І.Кірчука. Ансамбль “Тройца”. Альбом “Тройца”, “Pan Records”, Галяндыя, 1998



Кожнаму часу — свае песьні. З гэтай бясспрэчнай ісьцінай ня надта паспрачаешся. Адно можна дапусьціць, што з дапамогаю музыкі, у прыватнасьці — песьні можна ў пэўным сэнсе скарэктаваць бег часу не на шкоду нават тэорыі Эйнштэйна.

Мушу прызнаць, што гэты тыдзень неяк падсьвядома атрымаўся ў нас даволі сумны. Спачатку Менскі брас-квінтэт задаў танальнасьць славутым “Адажыо” Альбіноні, Іна Афанасьева скардзілася на лёс у песьні “Кітайская сьцяна”, а група “Вялікае княства” зьвярталася па дапамогу да гераіні песьні “Каралеўна”. Валік Грышко падтрымаў агульны настрой уласнай песьняй “Я люблю цябе”, ансамбль фальклёрнай музыкі “Крэсіва” на адной з паляшуцкіх гаворак выканала народную песьню “Журавель”, ансамбль “Песьняры” ў славутай песьні “Ручнікі” даказаў, што за прыемнай справай можна ўвайсьці ў адну й тую ж раку і двойчы.

Скончым мы гэты мэлядыйны тыдзень зноў жа песьняй народнай, “Яблынь мая”, адной з найлепшых у першым альбоме трыо “Тройца”. Аранжыроўка Івана Кірчука, які з дапамогай нетрадыцыйных інструмэнтаў, у даным выпадку — касы акцэнтаваў рытмавую аснову песьні, за кошт чаго яна набыла, магчыма, і ня зусім традыцыйнае гучаньне.

Галоўнае тое, што песьня адразу запамінаецца, працягвае гучаць у галаве аж тады, калі ад яблык гэтага ўраджаю нічога ўжо і не застанецца. Зь іншага боку, ці шмат вы запомнілі песень зь ліку тых, што выконваліся шаблённа? У гэтым і справа. “Тройца” ня любіць шаблёнаў, таму музыка калектыву заўсёды прыцягвае.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG